Тут кніжкі вабяць
Тут кніжкі вабяць светлой цішынёй
У мільгаценні дзён, у калейдаскопе штодзённых спраў і клопатаў вельмі важна адчуць тую сцішаную хвіліну, калі душа патрабуе адпачынку і разам з тым карыснай спажывы для сябе і для розуму. І такой спажывай, такой адметнай падпіткай робіцца кніга. Так, тая самая кніга, якая ніколі не надакучыць, якая прысутнічае ў нашым жыцці з самага ранняга дзяцінства.
І разумныя тыя бацькі, якія купляюць разам з першымі цацкамі свайму дзіцяці першыя кнігі, і шчаслівыя тыя дзеці, у доме якіх ёсць паліцы не з безаблічным шырспажывам, а з любімымі з ранніх гадоў кніжкамі.
А калі такіх кніжак па тых ці іншых прычынах ва ўласным доме крыху бракуе, свае дзверы перад чытачамі заўсёды гасцінна расчыняе бібліятэка. Тут, сярод стэлажоў і паліц з выданнямі на самы шырокі густ, змест і попыт, у светлай цішыні і крыху загадкавай атмасферы, мы і знаходзім тую асаблівую спажыву, здзіўляемся ўведанаму, захапляемся аўтарскім мастацкім словам, заглыбляемся ў невычарпальную крыніцу ўсеагульнай мудрасці і шматгадовай гісторыі чалавецтва.
Зазірніце ў чытальную залу ці прыдзіце на абанемент цэнтральнай раённай бібліятэкі або любой іншай з 46 бібліятэк Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы – і вы знойдзеце тут нашмат больш ад таго, аб чым сказана крыху вышэй. А знайшоўшы, прачытаўшы, надоўга засвоіўшы тое, што нясе на сваіх старонках кожная разумная і годна выдадзеная кніга, - не забудзьце падзякаваць самім работнікам гэтай сістэмы. Добрым памочнікам і вопытным правадырам па неабсяжным кніжным Сусвеце.
Тэкст
Ігара Сідарука.