Помнікі Вялікай Айчыннай вайны
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны

PDF Печать E-mail

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны
гісторыка-архітэктурная даведка

У кожнага народа ёсць свае святыні. Для беларусаў гэта найперш памятныя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, вайной, выйгранай толькі дзякуючы мужнасці, гераізму савецкіх воінаў, партызан і тых, хто працаваў на перамогу ў тыле. Памяць пра ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны жыве ў помніках, абелісках, мемарыялах, архітэктурна-скульптурных комплексах, брацкіх магілах. Застылі ў бронзе салдаты, падпольшчыкі, партызаны… У народнай памяці яны застануцца вечна жывымі, нагадваючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны, бязмерную мужнасць і доблесць савецкіх воінаў і партызан, шматлікія ахвяры вайны. Яны захоўваюць памяць пра вайну.
Аб цяжкіх выпрабаваннях мінулай вайны, якія выпалі на долю жыхароў горада і раёна напамінаюць помнікі, абеліскі, брацкія магілы з прозвішчамі загінуўшых воінаў, закатаваных жыхароў, расстраляных партызан.
Як сыноўняя памяць і глыбокая пашана да загінуўшых стаяць сёння ў горадзе Кобрыне помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Кобрын
Брацкая магіла воінаў і партызан (вул. Першамайская, сквер імя Пуганава). Тут пахавана 178 воінаў Чырвонай Арміі (з іх 140 вядомых і 38 невядомых), што загінулі на тэрыторыі Кобрынскага раёна ў 1941-1944 гг. Астанкі воінаў перанесены сюды ў 1952 г. з розных месцаў горада і ваколіц, дзе яны былі першапачаткова пахаваны.
З 1959 г. над магілай высіцца помнік у выглядзе журботна-паніклай постаці савецкага воіна з вянком у руцэ. На васьмігранным пастаменце, ніжняя частка якога апрацавана пад руст, узвышаецца двухмятровая скульптурная фігура савецкага салдата. На бакавых плітах высечаны імёны салдатаў і афіцэраў. Агульная вышыня помніка 5,75 м.
На мармуровай дошцы словы: "Здесь похоронены воины Советской Армии, павшие в боях с немецко-фашистскими захватчиками на территории Кобринского района в I941 - I944 гг. ".
У комплексе помніка - дзве індывідуальныя магілы, якія сімвалізуюць бязлітасныя баі пачатковага і завяршальнага перыядаў Вялікай Айчыннай вайны. У брацкай магіле пахаваны генерал-маёр В. П. Пуганаў (загінуў 23.06.1941 г.) , і лётчык, Герой Савецкага Саюза, ст. лейтэнант А. І. Марозаў (загінуў 24.07.1944 г. у час паветранай разведкі). На іх магілах устаноўлены мармуровыя стэлы з надпісамі: «Здесь похоронен генерал-майор Пуганов Виктор Павлович. I900 - I941», «Здесь похоронен летчик Герой Советского Союза ст. лейтенант Морозов Арсений Иванович. 1920–1944». Два разы ў год - у Дзень Перамогі і 20 ліпеня (Дзень вызвалення горада) - сюды прыходзяць, каб аддаць даніну павагі героям і ўскласці на іх магілу вянкі.

Абеліск у гонар 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (сквер імя Марозава). Размешчаны ў горадзе Кобрыне на вуліцы Суворава. Сквер названы ў гонар лётчыка Арсенія Іванавіча Марозава, намесніка эскадрыллі 149-га знішчальнага авіяцыйнага палка. Старшы лейтэнант А. Марозаў здзейсніў пад час вайны 271 баявы вылет, у 33-х паветраных баях збіў асабіста 13 варожых самалётаў і ў групе - яшчэ 9. Гераічна загінуў 24 ліпеня 1944 г. пры выкананні баявога задання. Пахаваны ў Кобрыне. 23 лютага 1945 г.
А. І. Марозаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Развіваючы наступленне на Брэсцкім напрамку ў ліпені 1944 г., воіны 212-й стралковай дывізіі (камандзір палкоўнік У.Г. Кучынеў), 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі (камандзір палкоўнік Д. К. Малькоў), 9-га гвардзейскага стралковага корпуса 61-й арміі пры падтрымцы 271-й бамбардзіровачнай дывізіі 16-й паветранай арміі пачалі баі за Кобрын. Фарсіраваўшы р. Мухавец, яны ўварваліся ў горад з поўдня і ўсходу, завязалі жорсткія вулічныя баі. Пасля 4-гадзіннага бою 20.07.1944 г. праціўнік быў выбіты з горада. 12 вайсковым часцям, якія вызвалялі горад, прысвоена найменне “Кобрынскіх”.
Сквер імя Марозава, які ўзнік пасля Вялікай Айчыннай войны, некалькі разоў перабудоўваўся. У 1965 г. у гонар вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усталявана стэла. У 1985 г. на яе месцы ў адзначэнне 40-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіей адкрыты помнік, на мемарыяльных плітах якога высечаны назвы 12 вайсковых часцей, якія вызвалялі горад у 1944 годзе і атрымалі найменне "Кобрынскіх", а таксама партызанскай брыгады і 4 партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Кобрынскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Брацкія магілы воінаў (на гарадскіх могілках). У чатырох магілах пахавана каля 40 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1956 г. устаноўлена надмагілле, у 1979 г. - пліта з імёнамі загінуўшых, у 1983 г. - на кожнай магіле абеліск, у 1996 - агульны помнік. Алея вайсковых пахаванняў пачала фарміравацца з 1946 года. У розны час на ёй адбывалася пахаванне воінаў Чырвонай арміі, загінуўшых у перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і ветэранаў вайны.

Брацкая магіла (абеліск) (на ўсходняй ускраіне горада каля шашы Кобрын-Пінск).
Пахавана звыш 200 мірных жыхароў горада, расстраляных у 1941-1943 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод пахаваных - былы член КПЗБ падпольшчык К. I. Пракапук.
У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Месца масавага знішчэння мірных жыхароў (абеліск) (на паўднёвай ускраіне горада). У 1942-1944 гг расстраляны 4,5 тыс. мірных жыхароў горада Кобрына.
На ўшанаванне іх памяці ў 1975 г. устаноўлены абеліск.

Помнік партызанам «Рэйкавая вайна» (вул. Першамайская, паўднёва-ўсходняя ўскраіна горада). Помнік пастаўлены ў 1983 г. у памяць аб партызанах, камсамольцах, падпольшчыках, якія вялі «рэйкавую вайну» на тэрыторыі раёна.

Помнік у гонар першых танкавых баёў Вялікай Айчыннай вайны (сквер імя Герояў-танкістаў) Напачатку Вялікай Айчыннай вайны 23 чэрвеня 1941 года Кобрын быў акупіраваны фашысцкімі захопнікамі На другі дзень вайны 22-я танкавая дывізія на чале з генерал-маёрам В. П. Пуганавым і воінамі 6-й і 42-й стралковых дывізій гераічна трымалі абарону ў 12-15 км паўночна-заходней і паўночна-ўсходней Кобрына.
У памяць пра гэтыя падзеі да 60-годдзя вызвалення Кобрыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцы першых танкавых баёў Вялікай Айчыннай вайны 20 ліпеня 2004 г. у Кобрыне пастаўлены помнік у памяць герояў-танкістаў 22-й танкавай дывізіі, якія гераічна змагаліся пад Кобрынам у першыя дні вайны. Быў разбіты сквер, і ўсталяваны танк Т-44.
Нестандартнае рашэнне - сквер з сапраўдным танкам у выглядзе помніка. На пастаменце ўсталяваны танк Т-44 часоў Вялікай Айчыннай вайны, які адрэстаўрыраваны на Барысаўскім танкабудаўнічым заводзе. Аўтар ідэі - Мікалай Уладзіміравіч Ралец. Танк быў дастаўлены ў Кобрын з адной з вайсковых часцей г. Барысава. Выгляд грознай баявой тэхнікі выклікае захапленне і гонар за сваю Айчыну.
Гэты помнік - знак мужнасці, гераізму і святога абавязку салдата - абаронца Радзімы.

Помнік савецкім воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны і пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. Размешчаны ў раёне Кобрынскага аэрадрома у выглядзе трох лопасцяў верталёта, пастаўленых на зямлю.
Надпіс на мемарыяльнай дошцы гаворыць аб тым, што гэты помнік з верталётных лопасцей – дань памяці і павагі савецкім воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і воінам-інтэрна-цыяналістам. Першы надпіс: «Советским воинам, погибшим в годы Великой Отечественной войны и при выполнении интернационального долга в РА»». Другі надпіс: «Здесь 22 июня 1941 года базировались штабы 4 армии Западного Особого военного округа, 10 авиационной дивизии, 123 истребительный авиационный полк, 944 отдельный батальон связи».
Помнік узведзены ў 1987 г. У момант правядзення земляных работ на тэрыторыі ваеннага гарадка была выяўлена страшная знаходка. Калі капалі траншэі для закладкі падмурка пад трэнажоры для самалётнага палка, выявілі чалавечыя рэшткі, былі знойдзены дзве спражкі воінаў Чырвонай Арміі, афіцэрская і салдацкая, і фрагменты дзвюх пар ботаў - хромавых і кірзавых. Па гэтых фактах вырашылі, што тут былі пахаваны два савецкія воіны - афіцэр і салдат, якія загінулі, па меркаваннях, у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Вызначыць асобы загінуўшых не атрымалася. На тэрыторыі былога аэрадрома, дзе базіраваліся штабы 4 арміі Заходняга Асобага ваеннага акруга, 10-й авіяцыйнай дывізіі, 123-ці знішчальны полк, 944-ы асобны батальён сувязі, загінулі дзясяткі чырвонаармейцаў. Стыхійныя пахаванні нават не згадваліся ў архівах. Рэшткі было вырашана перазахаваць побач са штабам. Ваенная часць, якая базіравалася на той момант у ваенным гарадку Кобрына, усталявала на тым месцы шрубалётныя лопасці. І, нягледзячы на забытыя імёны, людская памяць пра тых, хто склаў галовы ў баях супраць ворагаў, пачала існаваць.
З моманту расфарміравання палка помнік заставаўся безгаспадарчым. У канцы 2015 г. – першай палове 2016 г. актывісты раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" заняліся добраўпарадкаваннем мемарыяла на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Падчас рамонтных работ былі часткова рэстаўрыраваны металічныя стэлы-лопасці. Для надання помніку выгляду мемарыяла былі ўсталяваны на пліце зорка і імітацыя Вечнага агню. Працаўнікамі Кобрынскай ЖКГ пасаджаны дэкаратыўныя хмызнякі і кветкі, а таксама высыпана зямлёй і засеяна газоннай травой пляцоўка, дзе потым з'явіцца жывая агароджа сквера памяці.

Мемарыяльная дошка да 60-годдзя вызвалення Кобрыншчыны на будынку былой турмы (вул.Савецкая)
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі ў будынку турмы праводзілі расстрэлы савецкіх актывістаў, падпольшчыкаў і пар-тызан. У турэмных засценках у гады вайны ўтрымоўва-ліся і мірныя жыхары горада. У 1944 годзе пры адступленні фашыстаў на тэрыторыі былі расстраляны ўсе вязні турмы.
Да ўвекавечання памяці ахвяр трагічных падзей на будынку турмы ў 2004г. да 60-годдзя вызвалення Кобрыншчыны ўсталявана мемарыяльная дошка.

Мемарыяльная дошка танкістам 22-й танкавай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра В. П. Пуганава
Мемарыяльная дошка танкістам размешчана на доме № 131 па вул. Савецкай. Усталявана ў 1972 г. у памяць пра танкістаў 22-й танкавай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра В. П. Пуганава, якія 23 чэрвеня 1941 г. вялі баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пад Кобрынам.
Надпіс на дошцы: "23 июня 1941 года в разных местах Кобринского района, в том числе вдоль канала Боны, части 22 танковой дивизии под командованием генерала В. П. Пуганова вели упорные бои с превосходящими силами фашистской танковой армии”.

Мемарыяльная дошка ў памяць пра ахвяр, закатаваных фашыстамі ў 1942-1944 гг. на плошчы Свабоды
На адной са сцен будынка швейнай фабрыкі ў памяць пра ахвяр, закатаваных фашыстамі ў 1942-1944 гг., на плошчы Свабоды ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1940 г. на плошчы быў узведзены помнік Леніну. У першыя дні нямецкай акупацыі ў мэтах застрашэння жыхароў на гэтым месцы гітлераўцы размясцілі падбітыя савецкія танкі і знішчылі помнік Леніну. Неўзабаве былі ўсталяваны і шыбеніцы, на якіх каралі смерцю мясцовых жыхароў. Мемарыяльная дошка ўсталявана да 60-годдзя вызвалення Кобрыншчыны.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Кобрынскага раёна

Тэрыторыю кожнага сельсавета Кобрыншчыны, кожную вёску так ці інакш закранула самая крывавая вайна ў гісторыі чалавецтва.

Акцябр
Брацкія магілы (помнік, абеліск). У адной магіле пахаваны 7 партызан, якія загінулі 19.04.1944 г., а ў другой – 3 партызаны, якія загінулі 13.03.1943 г. пры выкананні баявога задання.
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 129 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1979 г. пастаўлены стэла і скульптура воіна з дзяўчынкай.

Арол
Месца спаленай вёскі. На ўшанаванне памяці знішчанай фашыстамі 22 снежня 1943 г. в. Арол. Нямецкія салдаты расстралялі 18 чалавек, а вёску спалілі. Зрабіўшы сваю жудасную справу, фашысты чакалі, пакуль вёска дагарыць да тла, і толькі потым пакінулі яе. Тыя, хто неяк застаўся ў жывых, а таксама людзі з суседніх вёсак пахавалі загінуўшых. Праз пяць гадоў пасля вайны астанкі жыхароў вёскі Арол былі перанесены на ўзгорак у брацкую магілу. I толькі ў далёкім 1949 годзе адбылося іх перазахаванне на вясковых могілках.
Вёска не аднавілася пасля Вялікай Айчыннай вайны, знікла з карты Кобрыншчыны. I толькі ў памяці жыхароў, іх дзяцей і родных, якія цудам выратаваліся ад немінучай смерці, гэтая вёска засталася назаўжды. У 1974 г. устаноўлены помнік ахвярам фашызму.
Астромічы
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Пахаваны 18 воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі ў ліпені 1944 г. Каля гандлёвага цэнтра.
У 1961 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата.

Барысаўка
Месца масавага знішчэння мірных жыхароў Пахаваны жыхары вёскі, якія былі спалены фашыстамі 23.02.1942 г.
У 1978 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура маці ў жалобе.


Помнік ахвярам фашызму. У цэнтры вёскі, побач са школай. На ўшанаванне памяці 206 жыхароў вёскі, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 верасня 1942 г., у 1965 г. пастаўлены абеліск.
Сваё бяссілле ў барацьбе з партызанамі фашысцкія каты спаганялі на мірным насельніцтве. Яны руйнавалі вёскі, забівалі людзей, рабавалі іх маёмасць. Трагічны лёс сотняў беларускіх вёсак напаткаў і жыхароў Барысаўкі. Раніцай 23 верасня 1942 г. фашысцкія карнікі ачапілі вёску і бліжэйшыя хутары. Усіх - мужчын, жанчын, старых і дзяцей - выгналі з хат і расстралялі ў лесе, а вёску спалілі. Загінула 169 чалавек, згарэла 89 двароў. Гітлераўцы вывезлі з вёскі 455 кароў, 525 авечак, 258 свіней, 33 кані, шмат збожжа і прадуктаў.
На ўшанаванне памяці землякоў у 1965 г. калгаснікі сельгасарцелі “Дружба народаў” пабудавалі помнік - пірамідальны абеліск з пяціканцовай зоркай на вяршыні і надпісам на чыгуннай пліце "Ахвярам фашызму, якія загінулі ў верасні 1942 г.”. На месцы расстрэлу за 500 м ад вёскі, дзе пахаваны жыхары Барысаўкі, устаноўлены абеліск з крыжам наверсе. Магілу ў лесе і помнік у вёсцы даглядаюць вучні мясцовай сярэдняй школы.
Бельск
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 9-ці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каля сельскага дома культуры.
У 1979 г. пастаўлены помнік - скульптура маці з дзіцем.

Боркі
Помнік ахвярам фашызму. На ўшанаванне памяці 18 жыхароў вёскі, якія расстраляны фашыстамі ў верасні 1943 г., калі была спалена вёска. Фашысцкія карнікі пачалі аблаву апоўначы. Яны загналі ў яму каля 20 дзяцей і закідалі іх гранатамі, потым знішчылі астатніх жыхароў вёскі. Тады былі спалены ўсе 70 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі, закатаваны 12 жыхароў. Як толькі ўлетку 1944 г. змоўклі гукі вайны, у Боркі вярнуліся 2-3 уцалелыя сем'і. З іх і пачалося адраджэнне знішчанай вёскі.
У 1974 годзе ўстаноўлены помнік - 5 жалезабетонных брусаў, пастаў-леных адзін на аднаго. Назвы спаленых вёсак, у тым ліку і в. Боркі, занесены на пліты мемарыяльнага комплексу "Хатынь", званы якога б'юць трывожнымі званамі, не даючы жывым забыцца пра тое, што такое фашызм.

Буховічы
Помнік землякам (абеліск). На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Помнік устаноўлены ў 1965 годзе.


Быкі
Магіла ахвяр фашызму. За 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, у лесе. Пахаваны 24 жыхары вёскі, якія былі расстраляны немцамі 23.02.1943 г. У 1965 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Бяроза
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 46 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 г. пастаўлены абеліск.

Верхалессе
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 58 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры вёскі, каля школы, у 1977 г. пастаўлены помнік - скульптурная кампазіцыя (партызан і партызанка).

Гарадзец
Брацкая магіла. Пахаваны 20 воінаў 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 61-й арміі, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні вёскі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ўшанаванне памяці воінаў і 78 землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1958 г. пастаўлены помнік.

Гірск (Палагін)
Брацкая магіла партызан. За 5 км на ўсход ад вёскі. Пахаваны 32 партызаны атрада імя Катоўскага, якія загінулі ў 1942-1944 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1965 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Глінянка
Мемарыяльны комплекс «Смуткуючая маці». На ўшанаванне памяці адна-вяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 1965 г. пастаўлены абеліск.

Грушава
Брацкая магіла савецкіх воінаў. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці савецкіх воінаў і 96 землякоў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у Вялікую Айчынную вайну. Пахаваны 2 воіны, якія загінулі ў 1944 г. У 1967 г. пастаўлены абеліск.

Дзевяткі
Помнік землякам. На паўночнай ускраіне вёскі. На ўшанаванне памяці 37 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 годзе пастаўлены абеліск.

Дзівін
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Пахаваны 74 воіны 212-й стралковай дывізіі і 2 партызаны, якія загінулі пры вызваленні вёскі. Усе яны загінулі ў 1941-1944 гг. на тэрыторыі колішняга Дзвінскага раёна ў баях з нямецка-фашысцкімі акупан-тамі, На магіле ў 1949 г. пастаўлены трохпрыступчаты чатырохгранны абеліск вышынёю 5,5 м. На помніку высечаны надпісы: “Ад савецкіх, партыйных і камсамольскіх арганізацый Дзівінскага раёна. 7 лістапада 1949 г.” і “Вечная слава героям, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. 1941-1945 гг”. Перад абеліскам - тры надмагільныя пліты з прозвішчамі загінуўшых і надпісам: “Стагоддзі не згладзяць у памяці пакаленняў імёны верных сыноў сацыялістычнай Радзімы, якія аддалі сваё жыццё за яе будучыню, за жыццё на зямлі”.

Магіла ахвяр фашызму. Пахаваны 1450 мірных жыхароў, якіх расстралялі нямецка-фашысцкія захопнікі ў 1942 г. У 1951 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Дзямідаўшчына
Брацкая магіла савецкіх воінаў і Помнік землякам. На ўшанаванне памяці трох воінаў Савецкай арміі і аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1966 г. на магіле пастаўлены абеліск. Мемарыяльная дошка ўшаноўвае памяць землякоў, што аддалі жыццё ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дубіны
Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1985 г. пастаўлены абеліск.

Закросніца
Помнік партызанам і піянерам. Мемарыяльная дошка партызанам і ахвярам фашызму ўстаноўлена ў 1973 г. на доме А. Е. Лакішыка. Тут у сакавіку 1944 г. у баі супраць гітлераўцаў загінулі партызаны атрада імя А. В. Суворава: масквіч I. В. Марозаў, асяцінец К. Калагаў, а таксама 2 піянеры - Павел і Дзмітрый Лакішыкі, якія былі разам з партызанамі.

Залессе
Брацкая магіла (цэнтр вёскі). Пахаваны 6 партызан атрада імя А. В. Суворава, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г.
У 1969 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата. Мемарыяльная дошка ўшаноўвае памяць 28 аднавяскоўцаў, што загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Запруды
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Каля лясніцтва. Пахаваны 30 ваенна-палонных, закатаваных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата.
Помнік ахвярам фашызму.
На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Засімы
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. У цэнтры вёскі. Пахаваны 13 воінаў, якія загінулі 17.07.1944 г. пры вызваленні вёскі, і 26 партызан атрада імя В. І. Чапаева (камандзір І. І. Арлоў), загінуўшых у баях у 1942-1944 гг. У 1958 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Казішча
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Каля школы. Пахаваны 12 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 г., і партызан брыгады імя В. І. Чапаева М. Усікаў, што загінуў у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943 г. У 1965 г. на магіле пастаўлены абеліск.
Магіла партызана Петруковіча І. А.. На могілках. Партызан атрада імя В. І. Чапаева Іван Арсеньевіч Петруковіч загінуў 13.06.1944 г. у баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. ІІасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. У 1976 г. на магіле пастаўлена стэла.

Каменка
Месца масавага расстрэлу мірных жыхароў (манумент) У верасні 1942 г. нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі расстраляны 152 мірныя жыхары і спалены 48 двароў. Прайшоў час, жыццё ў вёсцы адрадзілася. На месцы трагедыі быў устаноўлены помнік “Смуткуючая маці і салдат з дзіцем", а таксама пліты з прозвішчамі ахвяр фашызму - мужчын, жанчын, дзяцей. Напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля помніка былі заліты дарожкі, зроблены кветнікі.
Брацкая магіла (помнік з крыжом) Жыхары вёскі за свой кошт усталявалі невялікі абеліск з крыжом і іконай як даніну глыбокай пашаны да загінуўшых землякоў, усіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Камень (Каралеўскі)
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1965 г. пастаўлена стэла.

Корчыцы
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 39 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1965 г. пастаўлены абеліск.
Брацкая магіла ахвяр фашызму. Пахаваны 6 мірных жыхароў, якія былі расстраляны немцамі за сувязь з партызанамі.

Лелікава
Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці 39 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У 1965 годзе пастаўлены абеліск.

Лепясы
Брацкая магіла воінаў і партызан (на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, каля шашы Брэст-Мінск, в. Вялікія Лепясы). Пахаваны 30 воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.
У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата.
Лука
Мемарыяльны комплекс
На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Яшчэ да адкрыцця комплексу, у 1974 г., на будынку сельскага клуба была змешчана мемарыяльная дошка ў гонар загінуўшых жыхароў вёскі Лука. На Дзень Перамогі, 9 мая 1991 года, адбылося вялікае адкрыццё мемарыяльнага комплексу на ўшанаванне памяці загінуўшых жыхароў. У яго складзе – высокая стэла, на якой знаходзіцца чырвона-жоўты ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Чырвоная зорка, на якой серп і молат, – адзіная каляровая рэч мемарыяльнага комплексу. Наогул, увесь помнік шэрага колеру. Цэнтральнае месца займае постаць маці – жанчыны з пісьмом у левай руцэ. Яна застыла ў жалобнай позе, правую руку прыціскаючы да сэрца. Мабыць, прачытала ў лісце дрэнную звестку пра сына альбо мужа. Апранута жанчына ў доўгую сукенку, на галаве – жалобная накідка. Стаіць яна босая (як сімвал безабароннасці і роспачы). Каля яе на пастаменце ляжаць салдацкая каска і лісток дрэва (лісток дрэва – сімвал жыцця, каска – сімвал барацьбы за гэтае жыццё). З левага боку ад пастамента змешчана кампазіцыя, прысвечаная сынам – абаронцам Айчыны. На пярэднім плане змешчаны трынаццаць байцоў са зброяй у руках, у вайсковай форме. Адзін з іх, мабыць, паранены, бо прылёг на зямлю. Справа ад параненага хутчэй за ўсё камандзір, які заклікае да абароны маці-Радзімы. У аднаго байца на плячы вісіць планшэт, другі баец рыхтуецца да бою, зараджае кулямёт. На заднім плане вядуць наступленне савецкія танкі. Направа ад пастамента размешчаны мемарыяльныя пліты з імёнамі мірных жыхароў, расстраляных гітлераўцамі, і спісы землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Лушчыкі
Помнік землякам. У цэнтры вёскі На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Магіла ахвяр фашызму. Пахаваны 6 мірных жыхароў, расстраляных за сувязь з партызанамі.. На ўшанаванне памяці 6 воінаў-аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 23 мясцовых жыхароў, расстраляных акупантамі, у 1957 г. пастаўлены абеліск.

Магдалін
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 г. пастаўлены абеліск.

Мухаўлокі
Помнік землякам. На заходняй ускраіне вёскі. На ўшанаванне памяці 12 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 годзе пастаўлены абеліск.

Навасёлкі, Астроміцкі сельсавет
Помнік ахвярам фашызму. У кастрычніку 1943 г. фашысты расстралялі 67 жыхароў вёскі і спалілі яе (32 двары). Пасля вайны вёска адрадзілася. Пастаўлены помнік загінуўшым земля-кам. Знакам удзячнасці землякам-партызанам стала перайменаванне вуліцы Пясочнай у Партызанскую.

Навасёлкі, цэнтр сельсавета
Брацкая магіла савецкіх воінаў. Пахаваны 2 невядомыя воіны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1966 г. на магіле пастаўлены абеліск.
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 22 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1965 г. пастаўлены абеліск.

Павіцце
Брацкая магіла (стэла)(на могілках). Брацкая магіла (абеліск) (на могілках).
На дзвюх вясковых магілах пахаваны партызаны і мірныя жыхары, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1967 г. пастаўлены абеліск, стэла.
Помнік землякам. У Вялікую Айчынную вайну ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі 76 аднавяскоўцаў. На ўшана-ванне іх памяці ў 1982 г. каля клуба ўстаноўлены помнік.

Памятны знак
На прыродным матэрыяле, камені, вышынёй звыш 2-х метраў дошка з надпісам: “Село Повить в 1943 г. было освобождено и до дня прихода Советской Армии 21 июня 1944 г. находилось в руках партизан”.

Патрыкі
Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці 34 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1965 г. пастаўлена стэла.

Пескі
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, каля шашы Брэст - Мінск. Пахаваны 6 воінаў і 2 партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік - скультура жанчыны, якая смуткуе.

Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 160 воінаў, партызан і мірных жыхароў з вёсак калгаса “XXI з'езд КПСС”, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1966 годзе ў цэнтры вёскі Пескі пастаўлены абеліск.

Плянта
Брацкая магіла (абеліск). На заходняй ускраіне вёскі. Пахаваны партызаны брыгады імя В. I. Чапаева: I. А. Грабянчук, які загінуў 3.08.1943 г., і В. П. Вайцюк, што загінуў 18.07.1943 г. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, загінуўшых ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск. Абапал яго на мармуровых плітах імёны 44 землякоў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну.

Рэчыца
Брацкая магіла (стэла). Пахаваны мясцовыя жыхары, якія былі спалены фашыстамі ў верасні 1942 г. Дзень 5 верасня 1942 года для большасці жыхароў вёскі Рэчыца стаў апошнім. Старых, жанчын і дзяцей - усяго 64 чалавекі - загналі ў хлеў і спалілі. Была спалена і вёска (45 двароў).
У 1965 г. на месцы гібелі жыхароў на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі ўстаноўлена стэла.

Рудзец Малы
Помнік землякам. На паўночнай ускраіне вёскі. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 1965 г. пастаўлены абеліск.

Смалярня
Брацкая магіла савецкіх воінаў. На ўсходняй ускраіне вёскі. Пахаваны 2 воіны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1969 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Стрыгава
Помнік землякам. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Брацкая магіла савецкіх воінаў. Пахаваны 33 воіны, якія загінулі ў ліпені 1944 г. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата.
Магіла малодшага лейтэ-нанта Пятуніна В. М. (помнік) (на могілках) Савецкі лётчык В. М. Пятунін загінуў 29.09.1944 г. у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1949 г. на магіле ўстаноўлены помнік.

Турная
Брацкая магіла партызан і Помнік землякам (скульптура партызана). Пахаваны 18 партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ўшанаванне памяці жыхароў калгаса імя Калініна, загінуў-шых у час Вялікай Айчыннай вайны.
На брацкай магіле ў 1955 годзе ўзведзены велічны помнік. На высокім чатырохгран-ным пастаменце, які наўскос апярэзвае рэльефная георгіеўская лента, устаноўлена скульптурная фігура партызана з аўтаматам у апушчанай руцэ (аўтар – былы партызан І. Дарафейкін) і паабапал 2 стэлы з імёнамі 42 землякоў – жыхароў вёсак Закросніца, Прылукі, Рачкі і Турная, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На фасаднай плоскасці пастамента - барэльефная выява пяціканцовай зоркі з дубовай галінкай і дзве мармуровыя дошкі. Пляцоўка абнесена ланцугом на металічных слупках.
Помнік падпольшчыкам. На заходняй ускраіне вёскі. На ўшанаванне памяці аб падпольным антыфашысц-кім камітэце. У часы Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Турная дзейнічалі падпольныя антыфашысцкі камітэт (з восені 1941 г. да красавіка 1944 г.) і камсамольская арганізацыя (з 12.8.1943 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г.).
У 1975 г. устаноўлены помнік. На мемарыяльнай дошцы надпіс: “С начала оккупации Кобринщины в дер. Турная начал действовать подпольный комитет, возглав-ляемый Борисюком Д. С., Кравчуком Т. М., Лукашуком М. Ф. Здесь же была подпольная комсомольская организация, возглавляемая Юхи-муком В. О.”

Тэўлі
Брацкая магіла савецкіх воінаў. У скверы.
Пахаваны 51 воін 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту, якія загінулі ў ліпені 1944 г. у баях за вызваленне вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік - скульптура салдата.

Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 62 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У 1967 годзе пастаўлены абеліск.

Хабовічы
Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1965 г. устаноўлены абеліск.

Хідры
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. На паўночна-заходняй ускраіне вёскі. Пахаваны 2 воіны і 1 партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 1965 г. на магіле пастаўлены абеліск, на якім высечаны імёны 37 аднавяскоўцаў, што аддалі жыццё за Радзіму.

Чаравачыцы
Помнік ахвярам фашызму. У цэнтры вёскі. У 1943 г. фашысты расстралялі 56 жыхароў і спалілі 18 двароў. Вечарам 6 лістапада недалёка ад вёскі быў пушчаны пад адхон нямецкі эшалон, які ішоў у маскоўскім кірунку. Немцы, якія прыбылі да месца выбуху, вызначылі, што сляды вялі ў Чаравачыцы. Праз некаторы час з Кобрына да гітлераўцаў прыйшло падмацаванне. Немцы ішлі ланцугом, падпальваючы адрыны і хаты. Педантычна і бязлітасна выводзілі і расстрэльвалі жыхароў, быццам рабілі звычайную сваю працу. Карнікі не пашкадавалі нікога.
Пасля вайны вёска была адноўлена. На ўшанаванне памяці ахвяр фашызму ў 1975 г. у вёсцы ўстаноўлены помнік – пяць жалезабетонных брусаў адзін на адным. Сёння помнік утрымліваецца ў належным стане: вёска ніколі не забудзе свой страшны боль. Сюды прыходзяць, каб аддаць даніну памяці загінуўшым вяскоўцам.

Шамятоўка
Помнік землякам. Каля клуба. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў - воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1965 годзе ўстаноўлена стэла.

Яндекс.Метрика