Кандрашук, Н. "Арабінавы смак" Надзеі Момлік / Наталля Кандрашук
Кандрашук, Н. "Арабінавы смак" Надзеі Момлік / Наталля Кандрашук // Кобрынскі веснік. - 2017. — 1 сакавіка. — С. 8.
У інфармацыйна-сервісным цэнтры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка «Арабінавы смак» Момлік Н. І.
"Арабінавы смак" Надзеі Момлік
Рана ці поздна кожны пісьменник прыходзіць да высновы, што трэба выдаць кнігу. Бо калі радкі даюцца звыш, іх нельга захоўваць у стале і неабходна выносіць на публіку, каб яны знайшлі свайго чытача. Менавіта так зрабіла паэтэса з Дзівіна Надзея Момлік. Гэтай зімой убачыў свет другі зборнік яе вершаў «Арабінавы смак».
У апошнюю суботу лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі, у якой змешчаны творы на дзвюх мовах - беларускай і рускай.
- Першыя свае вершы я пісала пра Радзіму, родную вёску, працу і блізкіх мне людзей, а яны пісаліся менавіта па-беларуску, - распавядае паэтэса.
Паступова творчую скарбонку аўтара пачалі папаўняць і рускамоўныя творы. Але і ў гэтым выпадку яна не магла абмінуць тэму Радзімы, асабліва малой, якіх, дарэчы, у аўтара дзве - вёска Залессе Тэвельскага сельсавета, дзе Надзея Іванаўна нарадзілася і расла, і аграгарадок Дзівін, дзе прайшло ўсё сталае жыццё.
Наогул жа, тэматыка вершаў паэтэсы даволі шырокая. Амаль усё, што адбываецца навокал, - ад з'яў прыроды да чалавечых адносінаў і нават духоўных ісцін - Надзея Момлік прапускае праз сваю чулую паэтычную душу. У выніку нараджаюцца прыгожыя вершаваныя радкі:
Заірдзеліся чырванню сціплыя гронкі каліны,
Ад густых пацалункаў марознай заўчаснай зімы.
То ўсмешкай расчуленай сонца палашчыць хвіліну,
То сярпом закране маладзік - вартаўнік твой нямы.
Ты стаіш, прыгажуня, у шыкоўным, празрыстым уборы,
Як нявеста пад вэлюмам; шлейфам – глыбокі сумёт.
Адчувала тут усё: і дзявочую радасць, і гора,
І кранаў твае ягады срэбным праменьчыкам лёд.
Ты пад гнётам гадоў захавала дзівосныя чары,
Шэрань зранку карункамі зноў упрыгожыць цябе.
Адплывуць удалячынь легкакрылыя, сонныя мары –
Пад марозам нямееш у ціхай, самотнай журбе.
Добрай рысай любога творчага чалавека з'яўляецца ўменне не спыняцца на дасягнутым. I калі прасачыць творчасць Надзеі Момлік ад першага да другога зборніка вершаў, то няцяжка заўважыць пэўны рост. Цяпер яна перастала шукаць лёгкія шляхі ў паэзіі і адважваецца замахнуцца не тое, што на трыялеты, акравершы і санеты, а нават напісала вянок санетаў, прысвечаны родным мясцінам.
Творчасць дзівінскай паэтэсы не засталася без увагі і ў інтэрнэце, дзе яна ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах, якія праводзяцца ў групе "Жывая строка" ў "Аднакласніках", і амаль кожны раз атрымлівае ўзнагароды.
- Нават сёння адарыла камп`ютар, а там мяне чакалі два дыпломы: адзін - за першае, а другі - за другое месца, - прызналася Надзея Іванаўна ў час імпрэзы.
Звяртаюцца да вершаў Надзеі Момлік і мясцовыя кампазітары. Напрыклад, Аляксей Кірыеўскі напісаў ужо 27 песень на яе вершы. I пяць з іх прагучалі на прэзентацыі. Да таго ж, Аляксей Кірыеўскі і Таццяна Гурыш з песняй на словы Надзеі Момлік сталі дыпламантамі 1-й ступені абласнога конкурсу Беларускага таварыства інваліцаў па зроку.
У гэты вечар было сказана шмаг добрых і шчырых слоў у адрас таленавітай паэтэсы. Павіншаваць яе з новай кнігай прыйшлі калегі па літаратурным цэху, сябры, былыя вучні і проста неабыякавыя да паэтычнага слова людзі, у тым ліку госці з Брэста - загадчык аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко з мужам Аляксандрам, якія штогод ладзяць у вёсцы Залесее этнічны фестываль "Вераснёвым днём у Рэўні".
Кніжны год Надзеі Момлік толькі пачаўся. Ужо гэтай вясной яго працягам стане новы зборнік, які выдаецца ў расійскім горадзе Смаленску. I хоць у ім будуць змешчаны творы некалькіх аўтараў, гэта ўсё роўна яшчэ адна нагода для гонару, за нашу таленавітую зямлячку.
Наталля КАНДРАШУК.