Курачук, С. Таленты роднага краю / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. - 2017. - 1 ліпеня. – С. 10.
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Таленты роднага краю / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. - 2017. - 1 ліпеня. – С. 10.

У рамках праекта цэнтральнай раённай бібліятэкі “Людзі навукі нашага краю” бібліёграфы разам з карэспандэнтам «КВ» прапануюць шэраг публікацый пра навукоўцаў - ураджэнцаў Кобрыншчыны, першы з іх – артыкул пра М. І. Дземчука.

 

 

ГОД НАВУКІ

 

Таленты роднага краю

ТАЛЕНТЫ РОДНАГА КРАЮ

У межах першага этапа проекта аб славутых людзях Кобрыншчыны "Людзі навукі нашага краю" бібліёграфы Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі разам з карэспандэнтам «КВ» прапануюць шэраг публікацый пра навукоўцаў - ураджэнцаў Кобрыншчыны.

Мала хто ведае, але Кобрыншчына даволі багатая на таленавітых людзей. І каб даведацца пра гэта, дастаткова прайсціся па кобрынскіх вуліцах, якія названы імёнамі менавіта нашых землякоў. Напрыклад, адна з вуліц была названа ў гонар вядомага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Міхаіла Іванавіча Дземчука.

Нарадзіўся ён 28 мая 1946 года ў вёсцы Дзявяткі Кобрынскага раёна ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў школе ў в. Рынкі, потым - у СШ № 2 г. Кобрына, якую скончыў з залатым медалём. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт і скончыў яго з адзнакай. Сваю працоўную дзейнасць пачаў малодшым навуковым супрацоўнікам БДУ ў 1970 годзе.

У розныя гады Міхаіл Іванавіч быў загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, міністрам народнай адукацыі БССР, рэктарам Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, намеснікам прэм'ер-міністра. 3 2001 года Міхаіл Дзямчук - дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу БДПА, з 2002 па 2014 год - рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, з 2014 года ўзначальваў інфармацыйна-аналітычную работу інстытута.

Сфера навуковых інтарэсаў Міхаіла Дземчука - прыбора- і машынабудаванне, сістэмны аналіз і арганізацыйнае праектаванне. Ён развіў новы напрамак у эксперыментальнай і тэхнічнай фізіцы, быў кіраўніком шэрагу праектаў і праграм, накіраваных на фарміраванне ў рэспубліцы высокаэфектыўнай сістэмы трансферу тэхналогій, арганізацыю эканамічных зон высокай інавацыйнай актыўнасці і навукова-вытворчых комплексаў і прадпрыемстваў высокай тэхналагічнай культуры. Створаныя ім прыборы і сістэмы ёсць больш чым у 30 навуковых цэнтрах Беларусі, Расіі, Германіі, ЗША і іншых краін.

Міхаіл Іванавіч - аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 40 вынаходстваў і 3 манаграфій. Ён падрыхтаваў 10 кандыдатаў і дактароў навук. Вялікая частка працоўнай біяграфіі вучонага злучана з педагагічнай дзейнасцю ў вядучых вузах краіны. Шматлікія яго вучні займаюць сёння адказныя пасады ў органах дзяржаўнага кіравання і арганізацыях сацыяльна-эканамічнай сферы.

У апошнія гады ў сферы навуковых інтарэсаў Міхаіла Дземчука былі праблемы адукацыі і развіцця навукі ў рэспубліцы, тэорыя і практыка стварэння сучасных навукаёмістых, канкурэнтаздольных вытворчасцяў і тэхналогій. Міхаіл Іванавіч - аўтар работ па праблемах будаўніцтва нацыянальнай сістэмы адукацыі, новых адукацыйных тэхналогій і навучальных устаноў інтэграванага тыпу - сучасных ліцэяў, гімназій, каледжаў, рэфармавання прафесіянальна-тэхнічнай і вышэйшай школы рэспублікі ў рыначных адносінах, аптымізацыі кіруючых структур у галіне адукацыі.

Навуковыя дасягненні Міхаіла Дземчука атрымалі шырокае прызнанне. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі 1979 года і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі 1986 года. Дзяржаўная прэмія БССР 1986 года прысуджана Міхаілу Дземчуку за распрацоўку і ўкараненне ў практыку оптыка-фізічных даследаванняў статыстычных метадаў часавага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпраменьвання.

Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Рэспублікі Беларусь. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990), Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1989-1991).

Міхаіл Дзямчук пайшоў з жыцця 26 ліпеня 2016 года. Пахаваны ён на ўсходніх могілках у Мінску. I акрамя навуковых дасягненняў, ён запомніўся жыццёвай разважлівасцю, вострым розумам, чалавечнасцю, велізарным асабістым абаяннем. Ён на кожнай ступені росту і прызнання заставаўся чалавекам, не забываў пра родны кут, сваю малую радзіму.

Святлана КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф

цэнтральнай раённай бібліятэкі ДУК "Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма";

Ксенія ПАЛЬТО, карэспандэнт.

НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Дзямчук.

Яндекс.Метрика