Цікавае падарожжа
Бакун, А. Цікавае падарожжа / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. - 2017. — 12 жніўня. — С. 3.
У Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы арганізавана карысная і пазнавальная выстава, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Цікавае падарожжа
Бяру з паліцы кніжку - факсімільнае ўзнаўленне славутай Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517 годзе на старабеларускай мове для “людзей паспалітых да добрага навучання”. I няхай гэта не тая кніга, якая 500 гадоў назад прымусіла еўрапейскія народы скіраваць свой погляд на ўсходніх суседзяў, але навеяныя подыхам часу старонкі гісторыі пераносяць мяне туды, у тыя далёкія гады, калі наша краіна, на той час Вялікае Княства Літоўскае, і яе народ на поўную моц заявілі пра сябе.
Выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння - гэта ўсё ён, ураджэнец старажытнага Полацка Францыск Скарына. Асоба, якая сваім жыццём і дзейнасцю падвяла своеасаблівы вынік развіцця ўсходне-славянскай культуры за пяць стагоддзяў, што прайшлі ад прыняцця хрысціянства. Выступіўшы наватарам, Францыск Скарына даў новы філасофскі напрамак, зарыентаваны на агульначалавечыя каштоўнасці. Мінаюць стагоддзі, а скарынаўская мараль і ў наш час застаецца галоўнай: чалавек - гэта тварэц, аснова ўсяго на зямлі.
Кнігі Алега Лойкі “Францыск Скарына або Сонца Маладзіковае”, Алеся Петрашкевіча “Напісанае застаецца”, Уладзіміра Казберука “Францішак Скарына” і іншыя, шматлікія артыкулы з часопісаў і газет, што размешчаны на суседніх паліцах выставы, дапамагаюць зразумець, чаму нашага земляка паставілі ў адзін рад з такімі вядомымі дзеячамі сусветнай культуры эпохі Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Ян Амос Каменскі, чаму яго імя ўвекавечана ў назвах вуліц многіх беларускіх гарадоў, універсітэта ў Гомелі, у бронзавай скульптуры каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і іншых помніках, чаму дзяржаўныя ўзнагароды - ордэн і медаль, якія ўручаюцца за ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны народа, за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі на ніве нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, носяць імя Францыска Скарыны.
А ці ведае мой паважаны чытач, што скарынаўская спадчына налічвае 520 кніг, многія з якіх знаходзяцца ў Расіі, Полынчы, Чэхіі, Германіі? Усяго ж выданнямі беларускага першадрукара валодаюць каля 50 краін свету, у тым ліку ў Беларусі іх 28 экзэмпляраў. У 2017 годзе, які дарэчы прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, нашай краіне ўдалося вярнуць унікальны помнік нацыянальнай культуры - “Малую падарожную кніжку”, якая менавіта і лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Цікавае падарожжа ў наша славутае мінулае мне дапамаглі здзейсніць супрацоўнікі Кобрынскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, што арганізавалі для сваіх наведвальнікаў карысную і пазнавальную выставу, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і славутаму асветніку і гуманісту Францыску
Скарыну.
Алена БАКУН.