Звычаі, блізкія ўсім
Пашковіч, Л. Звычаі, блізкія ўсім / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. – 2018. – 16 мая. – С. 4.
У рамках беларуска-ўкраінскага праекта на памяць аб сустрэчы ўкраінскія сябры падарылі Дзівінскай бібліятэцы кнігі ўкраінскіх аўтараў.
Звычаі, блізкія ўсім
Беларуска-ўкраінскі праект «Праз вывучэнне культуры суседняга народа - да ўстойлівага партнёрства і разумення», які рэалізуецца па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга Партнёрства «Беларусь-Украіна» і фінансуецца Еўрапейскім саюзам, прадаўжае сваю работу.
Галоўная мэта праекта - знаёмства з культурамі суседніх краін.
Чарговае мерапрыемства - канцэртная праграма «Палескія вяснянкі-гаёўкі» і майстар клас «Велікодная пісанка» - прайшло ў Дзівінскім цэнтры культуры і вольнага часу.
Сустракала ўкраінскую дэлегацыю старшыня Дзівінскага сельвыканкама Вера Пікула.
Вяснянкі - песні, якія спявалі нашы продкі, каб хутчэй заклікаць вясну. Такі элемент фальклору ёсць як у беларускай, так і ва ўкраінскай культурах. Таму беларускія песні ў выкананні вакальнай групы Дзівінскай школы мастацтваў «Дзяцінства» на чале з яе кірауніком Ганнай Вячорка, былі зразумелыя гасцям. У знак павагі і сяброўства кожнаму з гасцей была ўручана птушачка - сімвал вясны, зробленая з салёнага цеста. '
Госці прывезлі і свае вяснянкі і гаёўкі. Вясёлыя і лірычныя песні разляталіся прыгожым шматгалоссем. Вясна - пара не толькі прабуджэння прыроды і закладу новага ўраджаю, але і час гулянняў моладзі. Таму ўкраінскія школьнікі паказалі і цікавыя народныя гульні, якія праводзілі хлопцы і дзяўчаты.
На Вялікдзень у праваслаўных хрысціян прынята распісваць яйкі. Тэхнік роспісу існуе шмат. Украінскія сябры паказалі майстар-клас, як гэта робяць у іх. Працэс роспісу захапіў не толькі дзяцей, але і дарослых, якія таксама прынялі актыўны ўдзел у майстар-класе.
На памяць аб сустрэчы ўкраінскія сябры падарылі Дзівінскай бібліятэцы кнігі ўкраінскіх аўтараў.
Людміла ПАШКОВІЧ.