Клімаў, А. Што загарыцца з іскраў? / Алег Клімаў // Культура. - 2018. — 30 чэрвеня. — С. 11.
Клімаў, А. Што загарыцца з іскраў? / Алег Клімаў // Культура. - 2018. — 30 чэрвеня. — С. 11.
Бібліятэкар Батчынскай публічнай бібліятэкі А. Рудская далучыла да чытання не адзін дзясятак чалавек.
Што загарыцца з іскраў?
У Батчы мне трэба было з’ездзіць хоць бы затым, каб пачуць, як спявае, вобразна кажучы, культавая фігура не толькі для гэтага месца, але і для фальклорнай Беларусі ў цэлым. Вярнуўшыся дадому, я пракруціў некалькі песень пары вядомых айчынных этна-калектываў — тых, што змешваюць у сваёй творчасці аўтэнтыку з сучаснымі тэхналогіямі. «У адны вароты» яны прайгралі. «А што ў гэтым аграгарадку «на кані» ў культуры ўвогуле?» — спытаеце вы. Адказваю.
Людзі на сваім месцы
Бібліятэкар Алена Рудская, што некалі вучылася на журфаку БДУ, магла б быць педагогам у школе Батчаў альбо дырэктарам яго Дома культуры, альбо нават старшынёй мясцовага сельсавета! Але ўжо шмат гадоў яна кіруе тутэйшым «кнігасховішчам».
— Але я не лічу яго толькі складам літаратуры ці архівам сродкаў масавай інфармацыі, з якога выдаю чытачам неабходныя ім выданні, — кажа Алена Вячаславаўна. — Памяшканне нашае — гэта яшчэ і месца сустрэч жыхароў аграгарадка, дзе яны могуць падзяліцца адзін з адным ці са мной нейкімі навінамі, папрасіць парады ў людзей у нязмушаных размовах, быць можа, атрымаць рэцэпт, як, скажам, вырашыць нейкую праблему. Прыходзіць і моладзь, якой, як мне здаецца, ужо надакучылi віртуальныя кантакты, і яны пацягнуліся за «жывым»! Таму я не веру, што, як сцвярджаюць некаторыя, калі-небудзь бібліятэкі на сяле знікнуць. Пакуль будуць жыць вёскі, будуць жыць і бібліятэкі ў іх. Так, у сілу ўсім вядомых прычын іх колькасць памяншаецца, але зусім яны не знікнуць — гэта другія дамы вяскоўцаў.
Сельская бібліятэка абслугоўвае каля тысячы чалавек. У Батчах пражывае больш за пяцьсот насельнікаў. Па словах спадарыні Рудской, у апошнія гады цікавасць да такога баўлення часу як чытанне ў аграгарадку ўсё расце і расце. Вялікім попытам карыстаецца класічная літаратура, у тым ліку, беларуская, беларускамоўная. Натуральна, у хітах выдачы з камерцыйнага фонду — актуальныя і модныя бестселеры. І паслугі па-за асноўнай дзейнасцю ўстановы насельніцтвам вельмі запатрабаваныя: праца на камп’ютары (ёсць выхад у інтэрнэт), раздрукоўка неабходных дакументаў і зняцце іх копій, магчымасць замовы мультымедыйных прэзентацый — вось далёка не ўвесь пералік прапанаваных опцый.
— З камплектаваннем фондаў усё ў нас ідзе шчасна, — паведамляе спадарыня Рудская. — Да нядаўняга часу здараліся перабоі з даведачнай літаратурай, энцыклапедычнай, але цяпер і яе ў дастатку — навінкі паступаюць рэгулярна.
Да знакавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўстановай, яе кіраўнік адносіць тыднi дзіцячай кнігі, што арганізуе сумесна са школай. Нярэдка яны праходзяць у пашыраным фармаце — у зале Дома культуры, у будынку якога і знаходзіцца бібліятэка.
— Карыстаюцца папулярнасцю і, напрыклад, вечары паэзіі, што збіраюць у той жа зале да сотні чалавек, — з гонарам прамаўляе Алена Вячаславаўна. — Часта на іх прыязджаюць паэты з кобрынскага аматарскага аб’яднання «Белы бусел». Падчас падобных сустрэч спяваюць песні барды, праводзяцца віктарыны, узнагароджваюцца прызамі лепшыя чытачы. На адмысловым рахунку ў нас мерапрыемствы, прысвечаныя воінам-афганцам, творам, што распавядаюць пра пэўныя перыяды гісторыі Савецкага Саюза. Практыкуем і разнастайныя экалагічныя акцыі. Вядома, шмат займаемся краязнаўствам. І ў гэтым пытанні неацэнную дапамогу нам аказвала Марына Васільеўна Асiйчук, якая, прыехаўшы сюды больш за трыццаць гадоў таму з Украіны, зрабіла для сваёй новай малой радзімы ў гэтай галіне столькі, колькі, напэўна, і цэламу інстытуту не пад сілу. Яна правяла незлічоную колькасць даследаванняў на мясцовасці, запаўняла лакуны ў гісторыі нашага краю, размаўляючы з яго старажыламі, збіраючы, здавалася б, ужо згублены фальклорны музычны, абрадавы матэрыялы, шукаючы па хатах старадаўнія прадметы побыту.
Сёння Марына Асiйчук краязнаўствам як практык ужо амаль не займаецца, выступае кансультантам у гэтай сферы, прычым краязнаўцам сябе не лічачы. «Я была чалавекам на сваім месцы», — так акрэсліла яна ўласную дзейнасць. Ну, а ў мой прыезд у Батчы ёй яшчэ давялося стаць для нашай газеты і рэцэнзентам тутэйшай культуры.
Каментарый Марыны АСІЙЧУК:
— На жаль, ёсць у нашым аграгарадку людзі, якім культура не патрэбна ні ў якім выглядзе. Яны замкнуліся на сваёй хаце, на сваім участку і ў найлепшым выпадку дабіраюцца толькі да тэлевізара. А колькі ў ім сапраўднай культуры? Я не разумею, як можна жыць без кніг. Кажу такім: «Ды вы хоць раз зазірніце да Алены Вячаславаўны, хоць на адно мерапрыемства яе прыйдзіце, можа, і кнігу якую возьмеце». І трэба аддаць ёй належнае — не адзін дзясятак чалавек, якія завязлі ў побыце, яна далучыла да літаратуры праз розныя iмпрэзы. Наогул далучыла да батчынскай культуры. І калі, не дай Бог, Рудская заўтра сыдзе са сваёй пасады, наша культура тады можа ўпасці ў спячку.
«Часовае» і вечнае
Праскоўя Каранчук узначальвае сельскі дом культуры менш за год. І не толькі ім кіруе, але і спявае ў народным фальклорным калектыве «Лiтвiнянка».
— У ім я — адзін з галасоў, — дзеліцца Праскоўя Якаўлеўна. — А ў ДК, ужо прабачце за нясціпласць, па факце — той, ад якога, вядома, залежыць вельмі многае. Пакуль я раблю на сваёй пасадзе першыя крокі. Унікаю ў тое, што тут было раней, прыглядаюся і, жадаючы захаваць усё самае лепшае ў рабоце ўстановы, думаю над пытаннем, што варта ў ёй памяняць. Але трэба ўлічваць і тое, што я падмяняю ранейшага дырэктара Дома культуры, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, а як выйдзе з яго, то, напэўна, мая дзейнасць на гэтай пасадзе скончыцца. Таму мне трэба і не нашкодзіць батчынскай культуры, і пакінуць пасля сябе нешта пазітыўнае.
Новую светлавую і гукавую апаратуру — абавязкова: старая дысануе з выдатнай танцавальнай залай, якая і ў цяперашніх умовах на дыскатэкі народ збірае. Марыць спадарыня Каранчук і вырасціць уласнага дыджэя прымальнага ўзроўню, пакуль жа «круцяць» музыку на танцпляцы людзі, якія хоць і маюць дачыненне да ўстановы, але не настолькі знаходзяцца «ў тэме».
Усяго ў ДК дзейнічаюць 11 фарміраванняў: 8 гурткоў і 3 аматарскія аб’яднанні. Да прыкладу, «Гаспадыня» служыць месцам збору жаночай часткі аграгарадка, падчас яе паседжанняў абмяркоўваюцца пытанні закаткi слоікаў, сучасныя тэндэнцыі ў галіне шытва, поспехі дзяцей у школе, паводзіны мужоў па выхадных і многае іншае. А сярод гурткоў, акрамя таго, у якім вядзе рэй «Лiтвiнянка», вялікай папулярнасцю карыстаецца той, дзе вырабляюць рэчы з фоамiрана, дзіцячыя драматычны і фальклорны. Праходзяць ва ўстанове і ўрокі фальклору, а таксама гульнявыя сямейныя праграмы і музычна-забаўляльныя для дзяцей, інфармацыйныя культурныя гадзіны. На заказ супрацоўнікі ДК пішуць сцэнарыі, праводзяць канцэрты, імпрэзы, сямейныя абрады.
— Праўда, дарослае насельніцтва Батчаў даводзіцца ўгаворваць, каб яно наведвала нашы мерапрыемствы, — прызнаецца дырэктар. — На афішы людзі рэагуюць не так, як калі прыйдзеш да іх дадому, пагаворыш за гарбатай «за жыццё», а потым і прарэкламуеш якую-небудзь iмпрэзу. Вось тады яны адгукаюцца. Дзеці, падлеткі заўсёды з задавальненнем ходзяць на мерапрыемствы.
Але калі ў Доме культуры спявае 90-гадовая Галіна Мартынаўна Мiгура — аншлаг яму гарантаваны. У яе рэпертуары — велізарная колькасць песень на рускай, польскай і, натуральна, беларускай мовах. Яна па-ранейшаму вельмі любіць выступаць перад публікай, забываючыся ў такія моманты на свае ўзрост і хваробы, і шкадуе пра тое, што народныя спевы зараз проста так у вёсках не пачуеш — у дварах, дамах, полi. Жывуць яны сёння, як у запаведніку, толькі ва ўстановах культуры.
Каментарый Марыны АСІЙЧУК:
— Мне хочацца, каб наш Дом культуры жыў цікавейшым, інтэнсіўнейшым жыццём. Больш ініцыятывы яго кіраўніцтву варта праяўляць. Бо дырэктар яго — былы завуч нашай школы, таму ведае, як арганізоўваць людзей, што новага можна прыдумаць. Вядома, ва ўстанове нешта адбываецца, але, на мой погляд, пакуль гэта выкарыстанне старога багажу. Не магу я назваць сённяшні ДК рэальным агменем батчынскай культуры, з якога так і сыплюць творчыя іскры.
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты «Культура»