ЖЫЦЬ ДЗЕЛЯ БЛІЗКІХ
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

ЖЫЦЬ ДЗЕЛЯ БЛІЗКІХ

PDF Печать E-mail

 

Бакун, А. Жыць дзеля блізкіх / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. – 2018. – 20 кастрычніка. – С. 12.

Марыя Аляксееўна Краснова 27 год працавала бібліятэкарам у Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

 

 

ЖЫЦЬ ДЗЕЛЯ БЛІЗКІХ

 

У кожнага з нас свая місія на гэтым свеце. Аднаму лёсам наканавана стаць вялікім мастаком, і ён усё сваё жыццё імкнецца напісаць шэдэўр, які ўвекавечыў бы яго імя, другі згубіць цікавасць да ўсяго, калі адабраць у яго магчымасць адчуць асалоду ад выкінутага адрэналіну пры дасягненні чарговай кропкі горнай вяршыні. Сэнс жыцця Марыі Красновай у служэнні блізкім, у самаахвярнасці, калі ўласныя інтарэсы адыходзяць на другі план.

Пра такіх жанчын, як Марыя Аляксееўна, кажуць: ідэальная жонка, гатовая ў любую хвіліну стаць ценем свайго мужа, яго паветрам, рукамі і нагамі, дбайная гаспадыня, якая ведае, як падтрымаць агеньчык у сямейным ачагу, як напоўніць дом цяплом, зрабіць яго утульным, клапатлівая маці і бабуля, да якой у любую хвіліну сын, нявестка і ўнукі могуць звярнуцца па дапамогу, загадзя ведаючы, што яна ніколі не адмовіць, выправіць любую сітуацыю.

Згадваючы дзяцінства і маладосць, Марыя Аляксееўна вяртаецца ў думках на сваю малую радзіму - Пружаншчыну, у тыя маляўнічыя краявіды Белавежскай пушчы, якія назаўсёды запомнілі лёгкія крокі дзяўчынкі-летуценніцы. У тэорыі выхаваная на кнігах вялікіх класікаў мастацкай літаратуры, на практыцы ўвабраўшая ў сябе бацькоўскі стыль паводзінаў іх жыццёвую мараль, што заключалася ў павазе да чалавека, яго інтарэсаў, іх працавітасць, сямейную еднасць, жанчына не бачыць нічога асаблівага ў сваім наканаванні.

- Я вельмі любіла ў дзяцінстве наводзіць дома парадкі - .мыць падлогу, праць бялізну, прасаваць. Пазбаўляеш дом ад бруду - быццам душу ачышчаеш, каб упусціць туды святло і чысціню: Любіла, калі блізкія людзі збіраліся за вялікім сталом і абмяркоўвалі будзённыя справы. Брат і яго сям’я для мяне і зараз самыя лепшыя сябры, - прызнаецца Марыя Аляксееўна.

Свой працоўны шлях мая гераіня распачала ў 1967 годзе на Брэсцкім электралямпавым заводзе, куцы пайшла працаваць пасля заканчэння школы. Жаданне здзейсніць сваю мару - быць бліжэй да кнігі - прывяло ў 1969 годзе дзяўчыну ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, пасля заканчэння якога яна атрымала спецыяльнасць бібліятэказнаўцы-бібліёграфа. Дзякуючы гэтай прафесіі яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Георгій Красноў служыў у вайсковай часці, якая знаходзілася паблізу пасёлка Шэрашава, дзе працавала бібліятэкарам Марыя. Вайсковец з украінскага горада Нікалаева пры кожнай магчымасці наведваўся ў бібліятэку па новы томік вершаў ці гістарычны раман, любіў абмеркаваць прачытанае з маладым бібліятэкарам, паступова ўзаемнасць інтарэсаў перарасла ў намнога большае...

Каб не выпадак, раптоўная прапанова работы мужу ў Кобрыне, якая амаль з цягніка вярнула маладых, Марыя Аляксееўна будавала б сямейнае гняздо на берагах Чорнага мора:

- Пакідаць родную Беларусь не вельмі хацела, таму ўдзячна лёсу, што апынулася з мужам у Кобрыне.

27 гадоў за любімай справай у Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы праляцелі для маёй гераіні гэтак жа хутка, як і ўсё, што прыносіць асалоду і напаўняе чалавечую душу гармоніяй.

Пасля выхаду на пенсію Марыя Аляксееўна некаторы час працавала кур’ерам у рэдакцыі газеты «Кобрынскі веснік», дзе пакінула пра сябе самыя цёплыя ўспаміны. Умець служыць тым, каму неабходна твая дапамога, цалкам раствараючыся ў іх праблемах, і быць шчаслівай ад таго, што шчаслівыя яны, не кожнаму дадзена - Бог надзяляе такімі магчымасцямі тых, каго моцна любіць.

70 гадоў - гэта так мала для добрых спраў, хочацца сказаць Марыі Аляксееўне ў дзень яе нараджэння і пажадаць моцнага здароўя, якое дазволіла б ёй быць яшчэ доўга разам з тымі, хто яе любіць і каму яна так патрэбна.

 

Алена БАКУН.

Яндекс.Метрика