Cваё неба з сабой
Рагін, Я. Сваё неба з сабой… / Яўген Рагін // Культура. – 30 мая (№ 22). – С. 10.
Геаграфія ўдзельнікаў конкурсу духоўнай паэзіі “Ёсць сіла дабрадзейная ў сугуччы слоў жывых” Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі выйшла за межы Беларусі.
Cваё неба з сабой…
Пагаворым пра жыццё, падобнае на лепшыя ўзоры літаратуры, і пра літаратуру, якая застаецца пэўным адбіткам жыцця, хоць і з’яўляецца для аўтара хутчэй не люстэркам, а палітрай для самых розных мастацкіх эксперыментаў-перастварэнняў. І гаворка тут не толькі пра літаратараў. Мы ўсе — аўтары гэтага жыцця. І калі яно нас у нечым не надта задавальняе, значыць дзесьці не вельмі стараліся, рукі апусцілі, пусцілі справу на самацёк. А чарнавікі рабіць ды перапісваць усё начыста часу не стае…
***
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева піша: “Да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра кобрынскія бібліятэкары правялі конкурс духоўнай паэзіі “Ёсць сіла дабрадзейная ў сугуччы слоў жывых”. Анонс быў змешчаны ў сацыяльных сетках. Па гэтай прычыне геаграфія конкурсу выйшла за межы Беларусі. Лісты з вершамі духоўнай тэматыкі прыходзілі не толькі з Кобрыншчыны, Брэста і Слоніма, але нават з Масквы. 14 паэтаў даслалі 81 твор. Першае, другое і трэцяе месцы занялі жыхары Кобрыншчыны — Надзея Момлік, Сяргей Страчук і Марына Міхалюк адпаведна”.
Да слова, самыя лепшыя прарокі, як падаецца, менавіта паэты. Той жа ўсюдыісны Уладзімір Караткевіч задоўга да чарнобыльскай катастрофы (у 1956 годзе) напісаў у вершы “Дзяўчына пад дажджом”: “Стронцый быў у дажджы”. А Іосіф Бродскі сам таго не ведаючы стварыў у 1970 годзе гімн самаізаляцыі — вершы “Не выходи из комнаты, не совершай ошибку”. Самая жыццёвая навука — літаратуразнаўства. Самая дакладная крыніца мараў і тэхналогій іх здзяйснення — літаратура. Хто пасля гэтага наважыцца ігнараваць неабмежаваныя магчымасці нашых бібліятэк?
***
Яўген Рагін