Добрасуседства кнігі і навукі
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Добрасуседства кнігі і навукі

PDF Печать E-mail

Елізарава, Ж. Добрасуседства кнігі і навукі / Жанна Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2020. – 16 верасня. – С. 4.

Дзейнасць кобрынскіх бібліёграфаў-краязнаўцаў неаднаразова была адзначана на ўзроўні рэспублікі.


Да Дня бібліятэк

ДОБРАСУСЕДСТВА КНІГІ І НАВУКІ

Утульнасць, цішыня, кніжныя паліцы ад падлогі да столі. Ветлівыя гаспадары і іх наведвальнікі, якія заўсёды глядзяць у адным накірунку, добра разумеючы адзін аднаго. Чароўны пах ад кніжных старонак, якія ўтвараюць той асабісты, непаўторны водар, што ніколі не надакучыць. Такая атмасфера пануе ў бібліятэцы, і кожны, хто пераступае яе парог, апыняецца ў скарбніцы ведаў.
– Бібліятэчную сістэму Кобрынскага раёна складае 31 бібліятэка, у ліку якіх – цэнтральная раённая бібліятэка і дзіцячы філіял – у горадзе, астатнія – гэта філіялы і публічныя бібліятэкі у сельскай мясцовасці. Бібліятэка сёння – гэта цэнтр насычанага інтэлектуальнага жыцця, месца адпачынку, самаразвіцця, сямейнага вольнага часу, – расказвае дырэктар бібліятэкі Ларыса Легацюк.
Бібліятэчная прафесійная супольнасць усведамляе, што значна шырэйшыя перспектывы для паспяховага развіцця маюць тыя бібліятэкі, якія выбіраюць інавацыйны шлях. Інавацыя ў бібліятэчнай справе – гэта стварэнне прынцыпова новых узораў дзейнасці, якія выходзяць за межы штодзённай працы і выводзяць справу на прынцыпова новы ўзровень. Для Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі такім прыярытэтным напрамкам дзейнасці стала краязнаўства.
– Перад бібліятэкай стаяць дзве ўзаемазвязаныя мэты. Гэта забеспячэнне карыстальнікаў краязнаўчай інфармацыяй, якая найбольш поўна задавальняе іх патрэбнасці, і распаўсюджванне гэтай інфармацыі сярод насельніцтва, – расказвае галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Курачук, якая разам са сваёй калегай Людмілай Дардзюк займаецца распрацоўкай краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў.
Ва ўтульным кабінеце, які носіць назву краязнаўчы інфарацыйны цэнтр, пачэснае месца займае краязнаўчы дакументны фонд. Традыцыйная картатэка з карткамі, якія стаяць у адпаведным парадку, выкарыстоўваецца як сродак доступу да краязнаўчых рэсурсаў, складання спісаў бібліяграфічных крыніц за мінулыя гады, а таксама з’яўляецца страхавой копіяй электроннага каталога. Яна змяшчае больш за 45000 картак з указаннем крыніц, асобныя з якіх датаваныя 1948 годам.
Краязнаўчы кніжны фонд, фонд даведачных і бібліяграфічных выданняў раней знаходзіўся на абанеменце і ў чытальнай зале бібліятэкі, цяпер жа асноўная яго частка (больш за 1000 экзэмпляраў) сканцэнтравана менавіта ў краязнаўчым інфарацыйным цэнтры. Гэта зручна і для бібліёграфаў, і для для чытачоў, якія карыстаюцца крыніцамі фонда пры напісанні курсавых, дыпломных работ, праектаў.
У аб’ёмістых тэматычных папках-дасье захоўваецца багаты фактаграфічны матэрыял, які распавядае аб гісторыі, эканоміцы, экалогіі, грамадскім, літаратурным, культурным жыцці горада і раёна.
Асобае месца займае краязнаўчая выдавецкая прадукцыя бібліятэкі – буклеты, календары, дайджэсты, інфармацыйна-краязнаўчыя нарысы, якія прадметна расказваюць аб Кобрыншчыне.
Стварэнню дакументнай базы кобрынскага краю спрыяюць плённыя сувязі, якія склаліся са старажыламі, вядомымі землякамі, іх сваякамі. Часта наведвае бібліятэку вучоны-гісторык, картограф, пісьменнік, ураджэнец в. Літвінкі Леў Казлоў, сюды дасылае лісты вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык, перакладчык, ураджэнец в. Лышчыкі прафесар Іван Чарота, дзякуючы чаму краязнаўчы дакументны фонд папаўняецца новымі матэрыяламі.
Прынцыпова новыя магчымасці ў фарміраванні краязнаўчых рэсурсаў раскрыла камп’ютэрызацыя. Так, краязнаўчы блок на інтэрнэт-сайце бібліятэкі паведамляе пра вынахоніцтвы і рэсурсы ўстановы, дае магчымасць для дыстанцыйнай работы карыстальнікаў. На ім, а таксама на YouTube-канале змешчаны аўтарскія відэафільмы, якія распавядаюць пра турыстычныя маршруты, віртуальныя падарожжы, краязнаўчыя экскурсіі, экспедыцыі па мясцінах роднага краю. Электронная база «Краязнаўства. Кобрынскі раён» уключана ў рэгіянальны зводны электронны каталог Брэсцкай вобласці, у выніку краязнаўчая інфармацыя стала даступная неабмежаванаму колу аддаленых карыстальнікаў.
Дзейнасць кобрынскіх бібліёграфаў-краязнаўцаў неаднаразова была адзначана на ўзроўні рэспублікі. У 2017 годзе турыстычна-бібліяграфічны праект «Помнікі, памятныя мясціны Кобрынскага раёна» заняў 2 месца ў XXV рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». У мінулым годзе кобрынская бібліятэка як пераможца нацыянальнага конкурсу «Славутыя імёны маёй малой радзімы» адзначана дыпломам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўным падарункам. Праектнай дзейнасцю па краязнаўстве ў бібліятэцы займаюцца, па сутнасці, два бібліёграфы, але гэта работа стварае становішча агульнай захопленасці і творчасці, усе супрацоўнікі бібліятэкі далучаюцца да гэтага працэсу. Вынікам бягучага года стане новы віртуальны праект, які бібліёграфы Святлана Курачук і Людміла Дардзюк ствараюць разам з інжынерамі бібліятэкі Сяргеем Молчанам і Паўлам Грыневічам.
– Умелае выкарыстанне традыцыйных і інавацыйных формаў работы спрые фарміраванню вобразу бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага цэнтра і, што асабліва важна, цэнтра грамадскага жыцця мясцовай супольнасці, – лічаць аўтары.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Яндекс.Метрика