Жыве роднае слова
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Бакун, А. Жыве роднае слова / Алена Бакун //Кобрынскі веснік. – 2021. – 3 сакавіка (№ 18). – С. 6.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы арганізавана выстава кніг беларускамоўных аўтараў «Ад літаратурных радкоў да сэрцаў чытачоў».


Жыве роднае слова

«Ад літаратурных радкоў да сэрцаў чытачоў» называецца выстава кніг беларускамоўных аўтараў, арганізаваная ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да Міжнароднага дня роднай мовы. Як заўважаюць супрацоўнікі бібліятэкі, тэматычныя выставы - увогуле добры сродак уздзеяння на наведвальнікаў. Адзін чытач, пераступаючы парог установы, добра ведае, па якую кнігу прыйшоў, другому ж трэба надаць пэўную ўвагу, падказаць, прапанаваць новае.
- Калі чалавек разглядае нейкую тэматычную выставу, яму здаецца, што там сабраны самыя цікавыя творы, міжволі ў яго ўзнікае жаданне ўзяць кнігу ў рукі, прачытаць яе, - заўважае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Юлія Пракапук. - Так часта нашы наведвальнікі пашыраюць свой кругагляд, пачынаюць цікавіцца новымі накірункамі ў літаратуры.
Ці карыстаюцца папулярнасцю сярод чытачоў беларускамоўныя творы? На гэтае пытанне я таксама паспрабавала знайсці адказ у раённай бібліятэцы.
- З’яўленне твораў на электронных носьбітах увогуле знізіла актыўнасць наведвальнікаў бібліятэк, але, упэўнена, прыхільнікі папяровай версіі кнігі, у тым ліку беларускамоўнай, заўсёды застануцца, - разважае Юлія Паўлаўна.
Яе словы падхопліваюць самі наведвальнікі. Пенсіянер Зінаіда Жыгала - сябар бібліятэкі з вялікім стажам. Кола яе чытацкіх інтарэсаў не абмяжоўваецца нейкай адной тэматыкай ці жанрам. На выставе яна спыняе свой погляд на кнігах Івана Шамякіна.
- Люблю чытаць на беларускай мове, сама яе добра ведаю. Перавагу аддаю нашым класікам. Акрамя Шамякіна, з ахвотай перачытваю гістарычныя творы Уладзіміра Караткевіча, ваенную прозу Васіля Быкава.
Наталля Федарук прынаецца, што любіць лірычныя творы. Яна бярэ з паліцы зборнік вершаў Надзеі Момлік «Сцяжынкай запаветнаю іду».
— Прыемна, што супрацоўнікі бібліятэкі прапагандуюць творы нашых землякоў. Я сама аднойчы зусім выпадкова адкрыла чароўны свет паэткі з Дзівіна.
Разам са зборнікамі Надзеі Момлік заўважаю кнігу яшчэ аднаго кобрынскага паэта - «Непазбежны лістапад» Ігара Сідарука.
Наталля - шматдзетная маці, прыходзіць у бібліятэку па кнігі не толькі для сябе: выконвае просьбы сваіх дзяцей, часам выбірае ім творы і на ўласны густ:
- Чытацкія інтарэсы трэба фарміраваць. Дзеці часта губляюцца, не ведаюць, што хацелі б пачытаць. Я прынясу, скажу некалькі слоў пра твор, яго аўтара, бачу - ужо ў іх цікавасць з’явілася.
Не толькі тэматычнымі выставамі прапагандуюць беларускую літаратуру супрацоўнікі бібліятэкі. У яе сценах часта арганізоўваюцца разнастайныя мерапрыемствы як для дзяцей, так і для дарослых - круглыя сталы, літаратурныя чытанні, вечарыны і інш., мэта якіх адна - разумная нацыя - нацыя, якая многа чытае і ў першую чаргу добра ведае сваю спадчыну.

Алена БАКУН

Яндекс.Метрика