Праз творчасць – да майстэрства
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Праз творчасць – да майстэрства / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2021. – 14 красавіка. – С. 5.

Да 40-годдзя з часу заснавання кобрынскага ліцэя сферы абслугоўвання бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі выдадзена інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне «Праз творчасць – да майстэрства», якое працягвае цыкл краязнаўчых выданняў з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне».


Праз творчасць – да майстэрства



Бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі выдадзена інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне «Праз творчасць – да майстэрства», якое прысвечана 40-годдзю з часу заснавання ўстановы адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання» і працягвае цыкл краязнаўчых выданняў з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне».
Выданне дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй заснавання і сённяшнім днём Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання. За 40 гадоў сваёй гісторыі навучальная ўстанова прайшла вялікі шлях у сваім развіцці, і сёння дынамічна развіваецца і не спыняецца на дасягнутым. Чатыры дзесяцігоддзі ў ліцэі рыхтуюць спецыялістаў запатрабаваных прафесій. Актуальная і канкурэнтназдольная прафесія – асноўнае, што трэба мець для таго, каб упэўнена адчуваць сябе на рынку працы. Кобрынскі дзяржаўны ліцэй сферы абслугоўвання - адна з устаноў адукацыі, дзе моладзь атрымлівае надзейную пуцёўку ў жыццё.
У раздзеле «З гісторыі» канстатуецца той факт, што сваім існаваннем вучылішча абавязана Кобрынскай прадзільна-ткацкай фабрыцы «Ручайка». Будаўніцтва буйнога тэкстыльнага прадпрыемства запатрабавала адкрыцця прафесіянальнай навучальнай установы. Так у Кобрыне адчыняе свае дзверы тэхнічнае вучылішча № 153, гісторыя якога пачынаецца 7 красавіка 1981 года з загаду Дзяржаўнага камітэта БССР па прафтэхадукацыі і Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР № 79/121 «Аб адкрыцці ў г. Кобрыне тэхнічнага вучылішча». 1 кастрычніка 1981 года пачаўся першы навучальны год. Дарэчы, 24 выпускнікі з першага выпуску атрымалі дыпломы з адзнакай. З 1 верасня 1984 года вучылішча было рэарганізавана ў сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча. У 1988 годзе навучальная ўстанова атрымлівае званне «Вучылішча высокай культуры», а праз два гады за высокія паказчыкі ў рабоце калектыў быў узнагароджаны пераходным сцягам Савета Міністраў і Міністэрства народнай адукацыі БССР. 1 красавіка 2004 года Кобрынскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў пераўтворана ва ўстанову адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання». З гэтага часу перад установай адкрыліся больш шырокія перспектывы, а вытворча-навучальны працэс выйшаў на новы якасны ўзровень.
24 гады ўзначальвала навучальную ўстанову Марыя Мікалаеўна Клачковіч і разам з ёй прайшла ўвесь няпросты шлях ад тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў да дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання. Работа на пасадзе дырэктара, якой было аддадзена шмат гадоў, стала сэнсам яе жыцця. З камандай аднадумцаў Марыя Мікалаеўна рабіла ўсё, каб ліцэй быў лепшым не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Раздзел выдання «Партрэт кіраўніка. Клачковіч Марыя Мікалаеўна - дырэктар ліцэя (1983-2007)» аб тым, што прафесіяналізм і любоў да сваёй справы - аснова кіраўніка-лідара М. М. Клачковіч, выдатніка прафтэхадукацыі, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна.
«Ліцэй сёння – гэта актуальна, запатрабавана, цікава». Актуальнасць прафесій, запатрабаванасць на працоўным рынку з’яўляюцца галоўным крытэрыем падрыхтоўкі моладзі ў ліцэі сферы абслугоўвання. Патрабаванні часу вылучалі падрыхтоўку сацыяльных работнікаў, агентаў камерцыйных, агентаў страхавых, прадаўцоў харчовых, прадаўцоў нехарчовых тавараў, швачак-краўцоў, аператараў ЭВМ. З 2008-2009 навучальнага года ў ліцэі ажыццяўляецца падрыхтоўка па новай прафесіі - «камплектоўшчык дэталяў цацак» для патрэб СТАА «ВП Палессе». З 2014-2015 навучальнага года ўведзена падрыхтоўка па прафесіі «Цырульнік».
З 10 жніўня 2007 года дырэктарам ліцэя з’яўляецца Віктар Сцяпанавіч Нічыпарук, уласны ўклад якога ў развіццё сістэмы прафтэхадукацыі вымяраецца 40 гадамі работы ў дадзенай сферы, пацвярджаецца шматлікімі ўзнагародамі. У 2015 годзе Віктар Сцяпанавіч удастоены нагруднага знака «Выдатнік адукацыі», а ў 2017 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу «Лепшы дырэктар установы прафесіянальнай адукацыі» і быў узнагароджаны сертыфікатам «Залаты дырэктар» і Ганаровай граматай.
Кобрынскі ліцэй сферы абслугоўвання высока трымае сваю планку. Лепшай характарыстыкай з’яўляецца лідзіруючая пазіцыя ліцэя ў конкурсе на лепшую ўстанову прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны. За перамогу ў спаборніцтве за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання быў занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці. Штогод навучальная ўстанова адзначаецца сваімі перамогамі на конкурсах, аглядах і фестывалях самага разнастайнага ўзроўню і ў самых разнастайных накірунках. За 40 гадоў са сцен установы выйшлі тысячы выпускнікоў, якія паспяхова працуюць на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці, сферы абслугоўвання, гандлю і грамадскага харчавання ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне, разлічаная на шырокае кола чытачоў, мае разгорнутую структуру і багата ілюстравана. Змяшчае фотаздымкі розных гадоў з фотаархіва і сайта ліцэя сферы абслугоўвання, а таксама з фотагалерэі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Прадстаўляе больш за 150 бібліяграфічных крыніц, уключае артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1982 года.
Больш падрабязна пазнаёміцца з бібліяграфічным паказальнікам «Праз творчасць – да майстэрства» можна на сайце Кобрынскай РЦБС (рубрыка «Краязнаўства» - Краязнаўчыя выданні) і ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры бібліятэкі.

Святлана КУРАЧУК,
галоўны бібліёграф Кобрынскай
цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Яндекс.Метрика