Паэзія нас звязала
Лук, Н. «Паэзія нас звязала» / Ніна Лук // Літаратура і мастацтва. – 2021. – 16 красавіка (№ 15). – С. 2.
Творчая анлайн-сустрэча, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, аб’яднала кобрынскіх і бранскіх паэтаў.
«Паэзія нас звязала»
Творчая анлайн-сустрэча пад такою назваю, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, аб’яднала кобрынскіх і бранскіх паэтаў.
Пачалося са знаёмства з арганізатарамі сувязі ў Skype — Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай і Бранскай абласной навуковай універсальнай бібліятэкай імя Ф. I. Цютчава.
Творчымі набыткамі з калегамі дзяліліся бранскія паэты Людміла Ашэка, Наталля Мішына, Алена Ляонава, Наталля Шастакова, Дзмітрый Дашунін, Вольга Шаблакова і старшыня Бранскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Сарочкін. Свае вершы чыталі і члены літаратурнага клуба «ПоэтиКо», які дзейнічае пры бібліятэцы ў Кобрыне, Надзея Момлік, Генадзь Жук, Валянціна Пігас, Сцяпан Давыдзюк, Любоў Ільяшэвіч, Марына Міхалюк, Міхаіл Чайнікаў і кіраўнік клуба Наталля Ефціфеева. Па абодва бакі манітора гучалі паэтычныя творы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.
Паэты дзяліліся творчымі навінамі, прэзентавалі новыя выданні, расказвалі пра дасягненні на літаратурнай ніве. Дарэчы, Надзея Момлік — член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, Генадзь Жук — фіналіст I Рэспубліканскага літаратурнага стартапу «LitUP». Сцяпан Давыдзюк, Марына Міхалюк і Наталля Кандрашук атрымалі ў сакавіку дыпломы пераможцаў у розных намінацыях у Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Валянціна Пігас у 2016 годзе стала фіналістам міжнароднага літаратурнага конкурсу «Новыя пісьменнікі», дыпламантам конкурсу «Родны дом».
Рэзюмуючы вынікі сустрэчы, літаратары Кобрына і Бранска вырашылі, што гэта толькі першая ластаўка распачатага сяброўства.
Ніна Лук