На паэтычным алімпе
Елізарава, Ж. На паэтычным алімпе / Жана Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2021. – 21 красавіка (№ 32). – С. 8.
Плённым стаў удзел у I Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» для паэтаў літаратурнага клуба «ПоэтиКо» пры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
На паэтычным алімпе
Плённым стаў удзел у I Рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» для кобрынскіх паэтаў. Узнагароды ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі атрымалі аматары мастацкага слова Сцяпан Давыдзюк, Алена Котава, Марына Міхалюк і Наталля Ефціфеева (Кандрашук).
У кожнага з іх свой шлях у паэзію. Супрацоўнік Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева (Кандрашук) пасябравала з рыфмай яшчэ ў дзяцінстве, педагог дадатковай адукацыі СШ №2 г. Кобрына Сцяпан Давыдзюк склаў першы верш на дзень нараджэння ўнука ў 2005 годзе. Настаўніца англійскай мовы СШ №9 г. Кобрына Алена Котава пэўны час пісала толькі на мове Шэкспіра, мастак па роспісе пернікаў Марына Міхалюк - пераважна па-руску. Сустрэліся разам на ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў, якая адбылася 26 сакавіка ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
Прысвечаны Году малой радзімы конкурс «За што я люблю родную зямлю» быў абвешчаны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі яшчэ мінулым летам. У ім прынялі ўдзел больш за 800 аўтараў, якія даслалі свае вершы, апавяданні, эсэ і творы іншых жанраў з ліку тых, што раней не друкаваліся. Людзі розных узростаў і прафесій: ад першакласнікаў да пенсіянераў, ад школьнікаў да дакгароў навук, ад фатографаў і музыкантаў да журналістаў і юрыстаў - тыя, якіх аб’яднала любоў да паэзіі. Журы вызначыла 12 намінацый і выбрала 200 лепшых работ, сярод якіх аказаліся і творы нашых землякоў. Алена Котава, Марына Міхалюк і Наталля Ефціфеева (Кандрашук) перамаглі ў намінацыі «Магутная сіла паэзіі», даслаўшы вершы пра Беларусь. Сцяпан Давыдзюк атрымаў дыплом пераможцы ў намінацыі «Мова маёй радзімы» за верш на мясцовым дыялекце.
- На мерапрыемстве прысутнічалі акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі, выдатнікі адукацыі, кіраўнікі творчых аб’яднанняў, рэдактары газет і іншыя ганаровыя госці. Напачатку мерапрыемства з прывітальнай прамовай выступіў старшыня журы, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, пасля - старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Урачыстую цырымонію ўзнагароджання суправаджалі выступленне капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, калектыў вакальнай студыі «Сцежачка» беларускамоўнай гімназіі №23 г. Мінска, - дзеляцца ўражаннямі пераможцы, якія, як высветлілася, даўно падтрымліваюць сувязі, наведваючы літаратурны клуб «ПоэтиКо» пры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Нагадаем, што клуб узначальвае бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Ефціфеева (Кандрашук). Толькі ў мінулым годзе пры яе падтрымцы членамі клуба было зроблена 75 публікацый вершаў у такіх друкаваных выданнях, як «Літаратура і мастацтва», «Культура», «Алеся», «Заря», «Духоўны веснік» і інш.
Што да конкурсу, то ў хуткім часе Нацыянальная акадэмія навук плануе аб’явіць новае творчае спаборніцтва, прысвечанае Году народнага адзінства. Сачыце за навінамі, прымайце ўдзел, і, магчыма, вы таксама будзеце ў ліку пераможцаў.
Жанна ЕЛІЗАРАВА.