Адзінства любві і творчасці
Дземідовіч, Т. Адзінства любві і творчасці / Таццяна Дземідовіч // Заря. – 2021. – 30 апреля – 1 мая (№ 34). – С. 14.
Удзельнік літаратурнага гуртка «ПаэтыКо» Кобрынскай раённай бібліятэкі Алена Котава – сярод пераможцаў міжнароднага конкурсу перакладчыкаў «Леся Украінка аб адзінстве народаў і лёсаў» у намінацыі «Лепшы паэтычны пераклад на рускую мову».
Адзінства любві і творчасці
Вызначаны пераможцы міжнароднага конкурсу перакладчыкаў «Леся Украінка аб адзінстве народаў і лёсаў».
Конкурс быў арганізаваны Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, навукова-даследчай лабараторыяй па сацыякультурных праблемах памежжа Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, кафедрай беларускай і рускай моў гэтай ВНУ і праводзіўся з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі і Года народнай еднасці.
На конкурс паступіла каля сотні прац, а сярод удзельнікаў — творцы розных узростаў і прафесій з Беларусі, Расіі і Казахстана. Самыя маленькія ўдзельнікі творчага спаборніцтва - шасцікласніцы СШ № 4 г. Віцебска, самыя актыўныя - студэнты вышэйшых навучальных устаноў, якія паспрабавалі перакласці творы знакамітай украінскай пісьменніцы на нямецкую, французскую і англійскую мовы. Больш за ўсё паступіла перакладаў на беларускую мову. У гэтай намінацыі за «Лепшы пераклад паэтычнага твора» была адзначана дыпломам першай ступені праца Алы Бяльковай з Гомеля, кіраўнік літаратурнай гасцёўні маладых аўтараў «31-ы мерыдыян», па прафесіі эканаміст. Другое месца атрымала пісьменніца Галіна Бабарыка з в. Мочуль Столінскага раёна, а трэцяе — Жанна Усцінава з Магілёва. Сярод празаічных перакладаў лепшай прызнана праца пісьменніка з Рагачова Міхася Слівы, другое месца падзялілі настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Драгічына Алена Дзеранчук і адзінаццацікласніца з Арэхаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Эльвіра Коваль.
Пераможцам у намінацыі «Лепшы паэтычны пераклад на рускую мову» стала сябра літаратурнага аб’яднання «Надзея» з Гродна Кацярына Калік, другое месца атрымаў Яўген Прудчанка з Алматы, а трэцяе — сябра літаратурнага гуртка «ПаэтыКо» з Кобрына настаўніца Алена Котава. Як адзначыла член журы конкурсу перакладаў загадчыца навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах памежжа, прафесар кафедры беларускай і рускай моў БрДТУ Марыя Жыгалава, конкурс яшчэ раз даказаў, што ўсе народы ва ўсе часы незалежна ад нацыянальнасці і месца пражывання імкнуцца да міру і згоды, любві і шчасця. А творчасць здольна аб’яднаць лепшыя жаданні людзей.
Работы пераможцаў будуць надрукаваны ў Брэсцкім абласным літаратурным альманаху «Берасцейская скарбніца-4».
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ