Творчы трохкутнік: Брэст — Жабінка — Кобрын
Берасток, А. Творчы трохкутнік: Брэст — Жабінка — Кобрын / Антон Берасток ; фота Анжаліны Панамаровай // Сельская праўда. — 28 красавіка (№ 32). — С. 4 : фат.
У Кобрынскай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча літаратараў.
Творчы трохкутнік: Брэст — Жабінка — Кобрын
Здаўна Брэсцкае Палессе было багатым на таленты. Даследчыкі падлічылі, што гэта зямля падаравала свету каля паўсотні выбітных дзеячаў кшталту Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Напалеона Орды. Не абяднела на таленты Берасцейшчына і зараз. У гэтым можна было лішні раз упэўніцца на красавіцкай творчай сустрэчы ў Кобрынскай райбібліятэцы.
Між Брэстам, Жабінкай і Кобрынам ужо склаўся своеасаблівы творчы трохкутнік. На сустрэчу завіталі госці з горада над Бугам ды нашай Жабінкі. У якасці гаспадароў іх віталі сябры мясцовага літаратурнага клуба “ПаэтыКо”.
Першай пра сябе і свой творчы шлях расказала старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч. Таццяна Анатольеўна не толькі прачытала ўласныя вершы, але і пазнаёміла прысутных з набыткамі берасцейскіх празаікаў і паэтаў, якія апошнім часам шчыруюць на ніве прыгожага пісьменства. Між іншым, яна спынілася на зборніку “Масты”, што нядаўна пабачыў свет. Кніга перакладаў некалькі гадоў ішла да чытача. У ёй прадстаўлены дзесяць берасцейцаў. Прыемна адзначыць, што сярод аўтараў і наш зямляк Расціслаў Бензярук, чые творы раней перакладаліся ўжо на славацкую і ўкраінскую мовы, а цяпер “загаварылі” і па-польску. Побач з Таццянай Дземідовіч прыемным радочкам ляжалі і яе ўласныя кніжкі, напісаныя для дзяцей з любоўю ды натхненнем.
Са свайго боку, да гасцей мерапрыемства звярнуўся госць з Жабінкі Анатоль Бензярук. Яго творы знайшлі належнае месца на выставе, створанай бібліятэкарамі, а расповед не пакінуў – і гэта было бачна – нікога абыякавым. І не дзіўна, паколькі аўтар, творы якога даўно ўжо публікуюцца ў абласных і рэспубліканскіх выдавецтвах, узнімаў тэмы, цікавыя кожнаму: аб творчасці, сучаснасці, багатым мінулым. Нагадаем, Анатоль Бензярук, уганараваны знакам “За вялікі ўклад у літаратуру”, найчасцей піша апавяданні і аповесці, прысвечаныя няпростай гісторыі шматпакутнай роднай Беларусі. Вось і зараз у “аб’ектыве” ягонай творчай увагі знаходзіцца лёс знішчанай 11 верасня 1942 года вёскі Драмлёва.
Літаральна некалькімі сказамі акрэсліла ролю ў творчым жыцці Кобрыншчыны літклуба “ПаэтыКо” яго кіраўнік Наталля Кандрашук (Ефціфеева). Па яе словах сябрына гуртуе 18 вельмі таленавітых людзей. У пацверджанне гэтага паліліся паэтычныя патокі, створаныя срэбнымі пер’ямі не толькі самой Наталлі Пятроўны, але й Марыны Міхалюк, Алены Котавай, Надзеі Момлік, Генадзя Жука, Валянціны Пігас, Сцяпана Давыдзюка. І што цікава: аказваецца, Кобрыншчына не толькі край паэтаў, але і зямля паліглотаў, якія пішуць свае творы па-руску, беларуску, украінскай моваю, а яшчэ – на тутэйшым дыялекце і нават па-англійску!
Увесь час у зале панавала добразычлівая атмасфера, настоеная на водары творчасці. А гэта прымушае спадзявацца, што й літаратурны трохкутнік палескіх гарадоў будзе толькі мацнець, збіраючы новыя таленты.
Антон Берасток
Фота Анжаліны Панамаровай