Курачук, С. Малой радзімы прыцяжэнне / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2021. – 20 кастрычніка (№ 83). – С. 8.
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Малой радзімы прыцяжэнне / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. – 2021. – 20 кастрычніка (№ 83). – С. 8.

«Малой радзімы прыцяжэнне» - такую назву мае чарговае выданне з серыі бібліяграфічных паказальнікаў пад агульнай назвай «Па вёсках нашага краю», прысвечанае 475-годдзю з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах вёсак Павіцце і Лелікава.

 

 

Малой радзімы прыцяжэнне

«Малой радзімы прыцяжэнне» - такую назву мае чарговае выданне з серыі бібліяграфічных паказальнікаў пад агульнай назвай «Па вёсках нашага краю», прысвечанае 475-годдзю з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах вёсак Павіцце і Лелікава Кобрынскага раёна. Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне падрыхтавана бібліёграфамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Вёскі з гісторыяй

Вёскі-юбіляры маюць сваё далёкае мінулае. Кожны аб’ект вёскі, кожная назва – гісторыя, напоўненая разнастайнымі падзеямі, успамінамі жыхароў. Да нас, сучаснікаў, дайшлі легенды і паданні пра іх назвы, паходжанні, іх карані. Гісторыя вёсак разглядалася пераважна на падставе апублікаваных крыніц і архіўных дакументаў. Сапраўднай каштоўнасцю з’яўляліся работы краязнаўцаў, успаміны доўгажыхароў вёсак, якія захавалі ў сваёй памяці ўсё тое, што ім калісьці расказвалі іх бацькі, бабулі, прадзеды. Знаёмячыся з бытам, традыцыямі продкаў, паўстае жыццё аднавяскоўцаў ад старажытнасці да нашых дзён.

Выданне мае разгорнутую структуру і свой унікальны фармат. Аповед пра два населеныя пункты Кобрыншчыны сабраны пад адной вокладкай у незвычайнай падвойнай форме - «лелікаўская» і «павіццеўская» часткі кнігі размешчаны люстрана. Раздзелы «Шматмоўная вёска», «Народныя традыцыі» ствараюць магчымасць паглыблення ў мову і культуру вёскі, а раздзелы «Памятныя мясціны, славутасці», «Тут памяць жыве» знаёмяць з помнікамі гісторыі, культуры вёсак Павіцце і Лелікава. Тут беражліва захоўваюць памяць пакаленняў, з павагай ставяцца да старых звычаяў, шануюць народныя традыцыі, вучаюць па іх дзяцей. Да сённяшняга дня захавалася традыцыя вырабу старадаўняга жаночага строю свахі, якую ў 2018 годзе вылучылі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь пад назвай «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў вёсках Лелікава і Павіцце».

Біяграфія вёсак у лёсах людзей

Біяграфія кожнай вёскі складаецца з лёсу людзей. Сёння і ва ўсе часы галоўнае багацце вёсак Лелікава і Павіцце – гэта людзі. Асобным раздзелам «Гісторыя вёскі ў асобах» вядзецца аповед пра людзей, якія тут нарадзіліся і праславіліся сваёй працай. За шматгадовую гісторыю многа слаўных людзей жыло ў гэтых вёсках, але аб’ядноўвае іх адно – добрая памяць аднавяскоўцаў. Павіццяне ганарацца сваімі землякамі: паэтам, пісьменнікам, гістарычным і літаратурным даследчыкаім, дзеячам беларускай дыясперы ў Эстоніі Уладзімірам Дзехцеруком; ганаровым грамадзянінам Кобрынскага раёна, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, кавалерам ордэна «Знак Пашаны» і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Уладзімірам Кузічам; архітэктарам, самадзейным паэтам і кампазітарам, грамадскім дзеячам украінскай меншасці ў Беларусі Арсеніем Цецеруком; людзьмі, якія ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін аграгарадка Павіцце Кобрынскага раёна». Сярод вядомых ураджэнцаў вёскі Лелікава - грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, мецэнат, кандыдат філасофскіх навук Іван Панасюк; адзначаная вышэйшай узнагародай Радзімы - ордэнам Леніна - Анастасія Старыкава; воін-інтэрнацыяналіст, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі Уладзімір Шапяцюк; краязнаўца, паэт, носьбіт традыцыйнай культуры Пётр Шапяцюк.

Інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Малой радзімы прыцяжэнне» змяшчае значную інфармацыю аб цікавых, унікальных вёсках-юбілярах Лелікава і Павіцце, расказвае аб падзеях далёкага мінулага і тых, што яшчэ ў многіх у памяці, славутасцях, памятных мясцінах, традыцыях, вядомых земляках. Удакладняюць і дапаўняюць тэкст фотаздымкі розных гадоў з фотагалерэі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, архіваў Павіццеўскай і Лелікаўскай публічных бібліятэк. У паказальніку шырока прадстаўлена бібліяграфія: больш за 250 бібліяграфічных крыніц, уключаны артыкулы з перыядычных выданняў, пачынаючы з 1959 года. Чырвонай ніткай праз усё выданне праходзіць думка - кожны чалавек павінен ведаць гісторыю сваёй малой радзімы, бо без ведаў мінулага няма і сучаснасці. Паказальнік разлічаны на шырокае кола чытачоў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, яго культурай, мовай, этнаграфіяй.

Выказваем шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання Міхаілу Міронавічу Кузічу, ураджэнцу Павіцця, які, нягледзячы на тое, што ўжо працяглы час жыве ў Жабінцы, ніколі не забывае пра сваю родную вёску; бібліятэкару Павіццеўскай публічнай бібліятэкі Наталлі Радковіч; настаўнікам установы адукацыі «Лелікаўская базавая школа імя Уладзіміра Шапецюка».

Больш падрабязна пазнаёміцца з бібліяграфічным паказальнікам «Малой радзімы прыцяжэнне», як і з іншымі выданнямі серыі «Па вёсках нашага краю», можна на сайце Кобрынскай РЦБС (рубрыка «Краязнаўства» - Краязнаўчыя выданні) і ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры бібліятэкі.

Святлана КУРАЧУК,

галоўны бібліёграф Кобрынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

 

 

Яндекс.Метрика