Елізарава, Ж. Белавежскі летапісец / Жанна Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2022. – 4 чэрвеня (№ 41). – С. 12.
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

Елізарава, Ж. Белавежскі летапісец / Жанна Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2022. – 4 чэрвеня (№ 41). – С. 12.

PDF Печать E-mail

Елізарава, Ж. Белавежскі летапісец / Жанна Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2022. – 4 чэрвеня (№ 41). – С. 12.

У Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаікам і публіцыстам Анатолем Брытуном.

 

Белавежскі летапісец

 

У Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, празаікам і публіцыстам Анатолем Брытуном. Сучасны літаратар і творца з’яўляецца аўтарам папулярных раманаў «Пах мускусу», «Сяліба», «Трылогія прыгод тысячагоддзя», у якіх распавядаецца аб падзеях, што адбываліся ў розныя часы ў нашых мясцінах.

Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна. Дзяцінства прайшло на Кобрыншчыне: вучыўся ў Верхалескай сярэдняй школе, шмат часу праводзіў у дзядулі на хутары каля вёскі Хідры. Пасля заканчэння Пінскага гідрамеліяратыўнага тэхнікума 5 гадоў працаваў у Пскоўскім праектным інстытуце. Потым вярнуўся ў Брэст, завочна вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе атрымаў дыплом інжынера-гідратэхніка, працаваў у Брэсцкай дырэкцыі Галоўпалессевадбуд. Але на гэтым няўрымслівы юнак не супакоіўся: яшчэ адну вышэйшую адукацыю набыў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна на факультэце грамадскіх прафесій. Там авалодаў польскай мовай, стаў працаваць гідам-перакладчыкам у турыстычнай фірме «Спутннк», затым у «Интуристе», потым - у маскоўскім «Интурбюро». Пасля распаду Савецкага Саюза Анатолю Арцёмавічу, як і іншым перакладчыкам, прапанавалі работу ў мытні, дзе ён і працаваў да самага выхаду на пенсію.

Актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю Анатоль Брытун пачаў гадоў пятнаццаць назад. Першае прыгодніцкае апавяданне, прысвечанае паляўнічым і рыбалоўным прыгодам, было надрукавана ў рэспубліканскім часопісе «Паляўнічы-рыбалоў». «Люблю лавіць рыбу, збіраць грыбы, таму вельмі хутка нараджаліся ў мяне невялічкія прыгодніцкія і гумарыстычныя апавядані. Бывала, што ў нумары часопіса выходзілі адразу два творы. Часам нават тэлефанавалі з выдавецтва, каб я хутчэй прысылаў новыя гісторыі», - адзначыў пісьменнік.

Творчыя здольнасці з’явіліся ў Анатоля Брытуна яшчэ ў школе. Пісьменнік нагадаў, як недзе ў восьмым класе напісаў сачыненне на вольную тэму, якое вельмі здзівіла настаўнікаў. Дарослыя не паверылі, што так можа пісаць падлетак, далі ліст паперы і загадалі паказаць сваё ўменне яшчэ раз. Той самы момант, калі зачынены ў пакоі школьнік складаў нешта, каб даказаць аўтарства, ён і лічыць першай спробай пяра. Праўда, потым доўга не пісаў. Зноў пацягнула да мастацкага слова толькі бліжэй да пяцідзесяці гадоў. «Гэта былі гады, калі мы сыну купілі камп’ютар, на якім можна было пісаць і выдаляць напісанае, не марнуючы паперу», - жартуе пісьменнік.

Белавежскім летапісцам сталі называць Анатоля Брытуна пасля таго, як убачыў свет яго першы твор «Пах мускусу». У рамане пісьменнік знаёміць чытача з яцвяжскім паданнем пра вечнага вартаўніка, які ахоўвае некранутыя лясы Белавежы. Старажытная пушча стала месцам дзеяння невыпадкова: дзед і прадзед Анатоля Арцёмавіча з боку бацькі да Першай сусветнай вайны працавалі ў Белавежскай пушчы вартаўнікамі і ляснічымі. Маці пісьменніка шмат расказвала пра сваякоў. Так гісторыя сям’і і фантазія дапамаглі напісаць першы буйны твор, які быў надрукаваны ў часопісе «Полымя». Пазней пісьменнік за свае грошы выдаў трыста экзэмпляраў кнігі, якая разышлася па бібліятэках краіны і не раз, па інфармацыі бібліятэчных работнікаў, пападала ў лік самых запатрабаваных твораў, як і другая праца аўтара - аповесць «Сяліба».

У аснове «Сялібы» - аповеды дзеда пісьменніка з боку маці, таго самага, што жыў недалёка ад Хідраў. Ён нарадзіўся ў 1882 годзе на тэрыторыі Расійскай імперыі, ездзіў на заробкі ў Амерыку, купіў больш за 40 га зямлі, некалькі гадоў гаспадарыў на ёй. Зведаў бежанства Першай сусветнай вайны, подых рэвалюцыі, смак польскай улады, затым - савецкай, пакуты Вялікай Айчыннай вайны... Увогуле праз погляды галоўнага героя пісьменнік паказаў лёс нашай малой радзімы на працягу доўгага часу, адносіны простага чалавека да змены ўлады, якая, дарэчы, адбывалася тут сем разоў.

Анатоль Брытун заўсёды цікавіўся гісторыяй мясцінаў, дзе нарадзіўся і жыве. «Аднойчы я аддаў усю зарплату, каб набыць кнігу 1882 года, якая была выдадзена ў Пецярбургскай акадэміі навук і прысвечана гісторыі нашай зямлі. Прачытаў яе, яна мяне вельмі захапіла. Вырашыў дзяліцца сваімі думкамі наконт гістарычнага мінулага малой радзімы», - расказаў энтузіяст.

«Трылогія прыгод тысячагоддзя», якая была выдадзена да 1000-годдзя Брэста, скіроўвае чытача ў старажытныя часы - XI- XV стагоддзі. У ёй аўтар распавядае ў тым ліку пра ўзнікненне і будаўніцтва цяперашняга абласнога цэнтра, абарону яго ад мангола-татарскага нашэсця, уплыў жыхароў на вынікі Грунвальдскай бітвы.

Зараз пісьменнік працуе над дэтэктыўным раманам, які таксама мае краязнаўчыя карані - легенды і паданні беларускага народа. «Каб скласці нешта падобнае, трэба мець добры падмурак у выглядзе ведаў па гісторыі ці ўспамінаў жывых сведкаў тых падзеяў, пра якія будзеш пісаць», - дзеліцца вопытам аўтар, які пры напісанні кожнага з сваіх гістарычных твораў не адну гадзіну правёў у архівах, працаваў са старажытнымі летапісамі.

- Хто мае яшчэ жывых бабуль і дзядуляў у вёсках, калі ласка, гаварыце з імі, цікаўцеся іх жыццём, яны шмат чаго раскажуць. Паверце, ніякія камп’ютарныя гульні, замежныя фільмы не параўнаюцца з іх гісторыямі. Яны заўсёды праўдзівыя і незвычайныя, - нагадаў пісьменнік сваім прыхільнікам, якія прыйшлі на сустрэчу.

У дэтэктыўным рамане падзеі адбываюцца ў нашай мясцовасці. Спадзяёмся, што новы твор хутка ўбачыць свет. Шкада толькі, што ў бібліятэках творы прадстаўлены ў невялікай колькасці, таму, каб прачытаць нешта ад Анатоля Брытуна, трэба запісацца і чакаць сваёй чаргі.

 

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

 

Яндекс.Метрика