Улюбіць у родны горад цэлы свет
  1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer>

blind

223

Сводный электронный каталог библиотек Беларуси

Сводный электронный каталог библиотек Брестской области

gerbgerb

PDF Печать E-mail

Курачук, С. Улюбіць у родны горад цэлы свет / Святлана Курачук // Бібліятэчны свет. – 2022. – № 4. – С. 21-23.

Напярэдадні юбілейнай даты Кобрына - пра краязнаўчую выдавецкую дзейнасць Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, прысвечаную гораду.


Краязнаўства

Святлана Курачук,
Галоўны бібліёграф
Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі

Улюбіць у родны горад цэлы свет


Любоў да малой радзімы, Бацькаўшчыны прыходзіць праз веданне яе гісторыі, культуры. Каб выхаваць у нашчадкаў павагу да роднага горада, да спадчыны сваіх землякоў, паказаць Кобрын ва ўсёй яго велічы і прыгажосці, супрацоўнікі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі выкарыстоўваюць розныя формы работы. Адна з іх – краязнаўчая выдавецкая дзейнасць. Рыхтуецца і выдаецца разнастайная краязнаўчая прадукцыя, з дапамогай якой можна ўзбагаціць свае веды пра Кобрын: буклеты, памяткі, календары, дайджэсты, гісторыка-бібліяграфічныя нарысы, біябліяграфічныя і інфармацыйна-бібліяграфічныя паказаль-нікі, летапісы.
У 2022 г. спаўняецца 735 гадоў з часу першага пісьмовага згадвання пра Кобрын на старонках летапіснай гісторыі. Ён уваходзіць у лік найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, гістарычны лёс якога быў надзвычай складаны. Кобрын вядомы сваёй гісторыяй, славутымі мясцінамі, помнікамі, традыцыямі, людзьмі. Гістарычныя падзеі, знакамітыя асобы, цікавыя факты – усё гэта знаходзіцца ў цэнтры ўвагі шматлікіх выданняў бібліятэкі пра Кобрын. Бібліёграфамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі падрыхтаваны шэраг краязнаўчых выданняў серыі «Ведай і любі свой горад».

Хроніка вызвалення:
Вялікая Айчынная ў імёнах і датах

20 ліпеня 1944 г. назаўжды ўпісана ў гісторыю нашага горада. У гэты дзень прыйшло доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Невыпадкова дату 20 ліпеня мы святкуем як Дзень горада, і гэтыя дзве падзеі адзначаем разам, прыгожа і з годнасцю. Гісторыка-бібліяграфічны летапіс «Яны вызвалялі наш горад», які вяртае нас да вялікай памятнай для кабрынчан даты, змяшчае хроніку вызвалення Кобрына, дазваляе даведацца пра тых, хто прымаў удзел у гэтай аперацыі. Закладка-банер «Хроніка вызвалення Кобрына» змяшчае кароткую фактаграфічную інфармацыю, а таксама дае спасылку праз QR-код да сайта Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (РЦБС) для атрымання больш поўнай інфармацыі па тэме.
Кабрынчане свята шануюць і захоўваюць памяць аб тых, хто загінуў у баях з ворагам, і бясконца ўдзячны ім за мужнасць, гераізм, веру ў перамогу. Некаторыя з іх вярнуліся да нас у назвах вуліц. 19 вуліц горада носяць імёны герояў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Даведнік «Думаць пра жывых, памятаць пра загінуўшых» - пра тых, хто вызваляў Кобрын, хто мужна змагаўся пры яго абароне і праявіў гераізм, чыімі імёнамі названы вуліцы горада. Крэатыўна аформленая інфармацыйная закладка «Вуліцы, авеяныя славай: гісторыя Вялікай Айчыннай у назвах вуліц Кобрына» прадстаўляе фактаграфічныя звесткі, а адпаведны QR-код дазваляе зацікаўленаму чалавеку імгненна зайсці на сайт Кобрынскай РЦБС і атрымаць падрабязную інфармацыю.
Горад багатай спадчыны
Кобрын лічыцца адной з візітных картак Брэстчыны і ўсёй Беларусі, прывабным маршрутам для турыстаў і падарожнікаў. Тут багатая турыстычная інфраструктура, мноства цікавых аб'ектаў і славутасцей. Дайджэст-інфарміна славутасцей горада «Сем цудаў Кобрына» знаёміць з самымі адметнымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі, якія могуць служыць сімваламі, брэндам горада, што па праву лічацца гонарам і славай малой радзімы.
Жыхары г. Кобрына лічаць, што цудаў у іх значна больш чым сем, і спіс цікавых аб’ектаў можна працягваць і працягваць… Пацвярджаюць гэта турыстычна-бібліяграфічны даведнік «Захавальнікі гісторыі роднага краю», гісторыка-краязнаўчая памятка і краязнаўчая закладка-круіз пад аднайменнай назвай «Мы гаворым “Кобрын”, маем на ўвазе…». Галоўная мэта выданняў - даць магчымасць пазнаёміцца з рознымі аспектамі мінулага і сучаснага выдатных мясцінаў, помнікаў, славутасцей нашай малой радзімы. Маляўніча аформленае рэкламнае выданне «Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны» змяшчае пералік усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей па Кобрына і Кобрынскага раёна, уключаных ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а плакат-карта «Дапамагаем адкрываць родны край» прадстаўляе культурна-гістарычныя аб’екты Кобрыншчыны са спасылкамі на сайты ўстаноў, якія займаюцца краязнаўчай дзейнасцю. Старажытны і сучасны Кобрын расце, маладзее і разам з тым беражліва захоўвае сваю гістарычную спадчыну. Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што паказаць!
Гісторыя і сучаснасць
Гісторыя Кобрына — гэта гісторыя войнаў, паўстанняў, якія выпалі на лёс Беларусі. Амаль усе вызначальныя падзеі закранулі і наш горад. Інфармацыйна-бібліяграфічныя выданні «Помнік рускай славы: лёс галоўнага помніка горада», «Воінскай славай авеяны» прысвечаны падзеям Айчыннай вайны 1812 г., а менавіта Кобрынскаму бою, у якім была атрымана першая значная перамога рускіх войск пасля многіх дзён адступлення. У гонар той вікторыі ўсталяваны манумент - бронзавы арол з распасцёртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах, марціры з пірамідкамі ядраў, які стаў своеасаблівай візітнай карткай нашага горада і якому нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi Рэспублікі Беларусь.
Кобрын – гэта спалучэнне багатай гістарычнай спадчыны з рысамі сучаснага еўрапейскага горада. Значныя змены ў яго знешні выгляд і інфраструктуру прыйшлі ў сувязі са святкаваннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», які ў 2009 г. прымаў наш горад. Літаральна за год горад атрымаў новы імпульс у сваім развіцці, набыў новае аблічча. Аб 17 дажыначных аб’ектах, многія з якіх сёння фарміруюць сучасны воблік Кобрына, створаны краязнаўчы каляндар-фоталетапіс «Другая маладосць старажытнага горада».
За апошнія гады прыкметна папрыгажэлі, памаладзелі вуліцы нашага горада. Амаль у кожнай свой лёс. Не ўсім давялося пранесці праз стагоддзі першапачатковыя назвы, якія засталіся толькі на старых картах-планах. Даведнік-тур па вуліцах «Імёны тваіх вуліц, горад Кобрын» дае цікавую, карысную інфармацыю пра назвы вуліц горада ў мінулым і сучасным, шырока прадстаўляе фотагалерэю вуліц горада ў розныя часы. З году ў год Кобрын расце, але пры гэтым захоўвае свой непаўторны гістарычны выгляд.
Многія лічаць, што візітка Кобрына – гэта месцы, гістарычна звязаныя з жыццём і дзейнасцю рускага палкаводца Аляксандра Суворава, жыццёвы шлях якога стаў часткай гісторыі Кобрына. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава - добра вядомы краязнаўчы брэнд, месца, якое многія гады прыцягвае да сябе ўвагу кабрынчан і турыстаў, гасцей нашага горада. Без упамінання пра музей не абыходзіцца ні адно даведачнае ці энцыклапедычнае выданне, якое тычыцца Кобрына. Дзякуючы багатым калекцыям аўтэнтычных прадметаў музей карыстаецца нязменнай папулярнасцю, а ўнікальныя экспанаты выклікаюць цікавасць як у простых прыхільнікаў гісторыі, так і ў спецыялістаў. Інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік «Візітная картка Кобрына» выдадзены з нагоды 75-годдзя з часу заснавання музея імя А. В. Суворава.
Да трох знакавых дат Кобрынскага парку імя А. В. Суворава — 250-годдзя з часу заснавання, 70-годдзя ў статусе парку культуры і адпачынку, 55-годдзя з часу прысваення статусу помніка садова-паркавага мастацтва — прымеркаваны інфармацыйна-пазнавальны даведнік «Зялёная жамчужына Кобрына». Калісьці – невялікая сядзіба, а сёння – помнік прыроды і садова-паркавага мастацтва рэспубліканскага значэння, старажытны і прыгожы парк з’яўляецца аблюбаваным месцам адпачынку для наведвальнікаў усіх узростаў.
Калі адпачынак і падтрымка спатрэбіцца не целу, а душы, тады знайсці іх можна ў храмах, якіх у Кобрыне нямала. Падчас праваслаўных свят здаецца, што меладычны гук царкоўных званоў льецца з усіх бакоў горада. Цыкл «Праваслаўныя святыні Кобрыншчыны» прадстаўлены па-мастацку аформленымі інфармацыйнымі буклетамі «Манастыр у імя Усяміласцівага Спаса» і «Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла», зробленымі ў фармаце «акенца».
Кобрын сённяшні – прамысловы горад, аснову якога складае машынабудаванне, металаапрацоўка і харчовая прамысловасць. Тавары з кобрынскай маркай добра вядомыя не толькі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Аб прадпрыемствах Кобрына выдадзена пяць бібліяграфічных паказальнікаў серыі «З гісторыі прадпрыемстваў горада»: «Прадукцыя кобрынская – якасць еўрапейская» (ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод»), «”СІТОМА”: час змяняецца – якасць застаецца», «”САЛЕА-Кобрын”: стаўка на экспарт і мадэрнізацыю», «”Айбаліты” сельскагаспадарчай тэхнікі» (ААТ «Кобрынскі завод аграпрамысловага машынабудавання», «Увасабленне густу і якасці» (ВУП «Брэсцкія традыцыі» - Кобрынскі мясакамбінат).
Іх лёсы звязаны з Кобрынам
Кобрын багаты сваёй гісторыяй, культурай і, вядома ж, людзьмі. Многія землякі пакінулі ў гісторыі Кобрына значны след. Біябібліяграфічны паказальнік «Краязнавец з вялікай літары» з серыі «Асоба ў гісторыі малой радзімы» прысвечаны краязнаўцу, гісторыку, выдатнаму кіраўніку, публіцысту, Ганароваму грамадзяніну г. Кобрына Аляксею Міхайлавічу Мартынаву; паказальнік «Залатая зорка Кобрына» - Герою Савецкага Саюза, ваеннаму дзеячу, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Ганароваму грамадзяніну г. Кобрына Уладзіміру Мікалаевічу Кірмановічу.
Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны» прадстаўлена трыма выданнямі: «Імі ганарыцца Кобрыншчына», «Па працы – пашана», «Людзі навукі нашага краю», якія даюць магчымасць аператыўнага доступу да значнага масіву інфармацыі пра вядомых землякоў, што пакінулі прыкметны след у гісторыі Кобрына і Кобрынскага раёна. Цыкл імянных закладак «Славутыя імёны маёй малой радзімы» змяшчае кароткую фактаграфічную інфармацыю пра вядомых землякоў, а таксама для атрымання больш поўных звестак па тэме адсылае праз QR-код да краязнаўчага блока сайта Кобрынскай РЦБС. Таксама падрыхтаваны інфармацыйныя закладкі, якія прысвечаны ўраджэнцам Кобрына О. Зарыскаму, У. Кірмановічу, А. Мартынаву, А. Стральчонку і інш. Цікавы дызайн, сучаснае афармленне, інфарматыўнасць робяць іх цікавымі для карыстальнікаў.
Ведай і любі свой горад
Пра багатую падзеямі гісторыю, баявыя і працоўныя традыцыі, славутасці і памятныя мясціны Кобрына напісана шмат. Рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік «Улюбіць у родны горад цэлы свет: што чытаць аб Кобрыне» дае кароткі, але змястоўны агляд кніг, энцыклапедычных выданняў, даведнікаў, фотаальбомаў, прысвечаных нашаму гораду. У 2022 г. да Дня горада серыя бібліяграфічных паказальнікаў «Ведай і любі свой горад» папоўнілася інфармацыйна-бібліяграфічным спісам «Кобрыну - 735», які ўключае амаль 300 выданняў пра гэты горад
Цікавым будзе знаёмства з тэматычным зборнікам вершаў мясцовых паэтаў «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай», які знаёміць чытачоў з творамі аб родным горадзе, зборнікам вершаў і песень пад назвай «Свой родны край у вершах славім», у якім пад адной вокладкай сабраны думкі і пачуцці людзей, зачараваных Кобрынам. Тут вы абавязкова знойдзеце радкі, якія западуць у душу, і, несумненна, пакінуць светлыя ўражанні ад лірычных вершаў пра наш цудоўны горад-юбіляр.
Краязнаўчая віктарына-круіз «Я ў гэтым горадзе жыву, я гэты горад ведаю» ўключае 62 пытанні-адказа. Такія малыя формы інфармацыі, як віктарына-крыжаванка «Гарадская мазаіка: скульптурна-архітэктурныя аб’екты Кобрына» ў выглядзе мастацкі аформленнага плаката, ілюстраваная кніжная закладка-памятка «Кобрын: храналогія асноўных дат» адрозніваюцца мабільнасцю, аператыўнасцю, зручнасцю ў выкарыстанні і дапамагаюць хутка данесці да чытача інфармацыю.
Вялікім попытам у чытачоў карыстаюцца штогадовы «Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны», які змяшчае звесткі пра знамянальныя падзеі горада і раёна на бягучы год, бібліяграфічны дапаможнік «Новая літаратура аб Кобрыне і Кобрынскім раёне».
З краязнаўчай прадукцыяй Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі можна будзе пазнаёміцца ў час святкавання Дня горада на пляцоўцы каля Палаца культуры, дзе супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі прадставяць цыкл выстаў пра Кобрын «Гартаючы кнігу роднага горада», а таксама ў краязнаўчым інфармацыйны цэнтры.
Кообрын - горад з багатай гісторыяй, гераічным мінулым і самабытнай сучаснасцю. Ён варты таго, каб пра яго ведалі, любілі і ганарыліся ім. Слаўны горад у чаканні свайго чарговага юбілею, а ў бібліятэцы працягваецца работа па стварэнні дакументнага інфармацыйнага банка даных пра Кобрын.

Summary
The article presents local history information and bibliographic of the Kobrin Central Regional Library.

Яндекс.Метрика