Елізарава, Ж. Чытайка» па-беларуску / Жана Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2023. – 25 лютага (№ 15). – С. 4.
Елізарава, Ж. Чытайка» па-беларуску / Жана Елізарава // Кобрынскі веснік. – 2023. – 25 лютага (№ 15). – С. 4.
З нагоды Дня роднай мовы ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў конкурс чытання тэкстаў на беларускай мове «Чытайка».
Чытайка» па-беларуску
Вы маглі б якасна прачытаць услых незнаёмы тэкст, экспромтам выбраць правільную інтанацыю, дакладна паставіць націскі і пры гэтым праявіць патрэбны і дарэчны артыстызм? Справа няпростая, але цікавая. У гэтым упэўнены ўдзельнікі конкурсу чытання тэкстаў на беларускай мове «Чытайка», які праходзіў 21 лютага з нагоды Дня роднай мовы ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Арганізатар мерапрыемства - выдавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурнага клуба «ПаэтыКо» Наталля Кандрашук - пры падтрымцы Кобрынскай раённай цэнтралілізаванай бібліятэчнай сістэмы і Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» змагла зацікавіць конкурснай праграмай чытачоў розных узростаў: і падлеткаў (вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі), і моладзь з ліку навучэнцаў УА «Кобрынскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання», і нават дарослых.
На працягу гадзіны каля мікрафона спрабавалі сябе ў якасці чытальнікаў усе шаснаццаць удзельнікаў. Спаборніцтвы праходзілі ў два туры: спачатку ў выкананні канкурсантаў прагучалі лірычныя творы, якія, дарэчы, належаць кобрынскім аўтарам - удзельнікам літаратурнага клуба «ПаэтыКо», потым — урыўкі з празаічных твораў брэсцкага пісьменніка Анатоля Брытуна, школьныя гады якога прайшлі на Кобрыншчыне.
Журы, у склад якога ўвайшлі першы сакратар Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Марына Бандарук, рэдактар сайта «Кобрин-информ» Алена Курыга, былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Надзея Пракаповіч, было нялёгка вызначыць пераможцаў, таму што добрую тэхніку і выразнасць чытання паказалі многія выканаўцы.
Пераможцай стала адзінаццацікласніца з ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Кобрына» Дар’я Мартынчук.
Каб вызначыцьуладальнікаў другога і трэцяга месцаў, журы прапанавала чытальнікам, чые прозвішчы займалі верхнія радкі рэйтынгавай табліцы, асабісты паядынак, па выніках якога другое месца было прысуджана бібліятэкару Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціне Кірыеўскай, а трэцяе - навучэнцы УА «Кобрынскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання» Паліне Семянчук.
Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты на месяц для бясплатнага карыстання кнігамі павышанага попыту з фонду бібліятэкі. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, сертыфікатамі для бясплатнага карыстання кнігамі павышанага попыту на тры месяцы, кнігамі і іншымі прызамі.
Дарэчы, паспрабаваць свае сілы ў чытанні незнаёмых тэкстаў змаглі і гледачы. Напрыканцы свята вядучы мерапрыемства Наталля Кандрашук прапанавала майстар-клас па чытанні рандомна выбраных прысутнымі тэкстаў.
Ці ёсць зацікаўленасць роднай мовай? Якія сучасныя сродкі яе папулярызацыі выкарыстоўваюцца? Што неабходна рабіць, каб прасоўваць родную мову? Яскравымі адказамі на гэтыя пытанні і стала «Чытайка», якая ставіла за мэту нагадаць запавет беларускага класіка Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі …»
Жанна ЕЛІЗАРАВА.