Пятроўская, Н. [Конкурс «Чытайка»] / Ніна Пятроўская // Літаратура і мастацтва. – 2023. - 10 сакавіка (№ 10). – С. 15.
Пятроўская, Н. [Конкурс «Чытайка»] / Ніна Пятроўская // Літаратура і мастацтва. – 2023. - 10 сакавіка (№ 10). – С. 15.
Конкурс «Чытайка», прымеркаваны да Дня роднай мовы, прайшоў у Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Млын навін
Ці лёгка без падрыхтоўкі прачытаць тэкст на беларускай мове, асабліва калі бачыш яго ўпершыню? Ды яшчэ трэба выбраць адпаведную інтанацыю і не дапусціць памылак! У Кобрыне знайшлося 16 смельчакоў, якія паспрабавалі свае сілы ў гэтым занятку, — яны прынялі ўдзел у конкурсе «Чытайка», арганізаваным і праведзеным членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Кандрашук.
Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня роднай мовы, прайшло ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Падрыхтаваныя для канкурсантаў тэксты належаць пяру тых аўтараў, якія маюць дачыненне да Кобрыншчыны.
— Хацелася, каб конкурс атрымаўся не толькі цікавым для ўдзельнікаў і гледачоў, але і папулярызаваў творчасць землякоў, якія пішуць па-беларуску, — зазначае Наталля Кандрашук.
У першым — паэтычным — туры конкурсу яго ўдзельнікі чыталі вершы самой Наталлі Пятроўны і членаў літаратурнага клуба «ПаэтыКо», якім яна кіруе. Другі — празаічны — тур складаўся з урыўкаў з твораў Анатоля Брытуна, школьныя гады якога прайшлі ў Кобрынскім раёне. Так сталася, што давялося праводзіць два дадатковыя паэтычныя туры, бо вызначыліся тры пераможцы з аднолькавай колькасцю балаў. У выніку першае месца заняла Паліна Зубко, другое дасталася Валянціне Кірыеўскай, а ўзнагароду за трэцяе атрымала Паліна Семянчук.
Ніна Пятроўская