Дземідовіч, Т. Паэтычны летапіс / Таццяна Дземідовіч // Літаратура і мастацтва. – 2023. – 28 красавіка (№ 17). – С. 2.
Дземідовіч, Т. Паэтычны летапіс / Таццяна Дземідовіч // Літаратура і мастацтва. – 2023. – 28 красавіка (№ 17). – С. 2.
На падведзенні вынікаў краязнаўчага конкурсу «Берасцейскія пісьменнікі — летапісцы роднага краю» яркія паэтычныя візітоўкі падрыхтавалі члены клуба «ПоэтиКо» на чале з кіраўніком Н. Кандрашук — Марына Міхалюк і Надзея Момлік.
Паэтычны летапіс
Падведзены вынікі краязнаўчага конкурсу «Берасцейскія пісьменнікі — летапісцы роднага краю», заснавальнікамі якога выступілі Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.
Конкурс ладзіўся з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да краязнаўчай дзейнасці, якую ажыццяўляюць айчынныя літаратары, папулярызацыі творчасці пісьменнікаў Брэсцкай вобласці, выяўлення і падтрымкі таленавітых аўтараў. Вынікі творчых спаборніцтваў былі абвешчаны ў музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» ў Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Мерапрыемства ўрачыста адкрыла навуковы супрацоўнік музея Ала Расінская.
Дыпломам першай ступені сярод школьнікаў была адзначана праца «Мікола Купрэеў: папялёўскі перыяд жыцця і творчасці» вучаніцы 10 класа СШ № 5 г. Пружаны Апалінарыі Пракаповіч. Дыпломамі пераможцаў у старшай катэгорыі адзначаны артыкулы Надзеі Парчук (прысвечаны творчасці пісьменніка Веніяміна Бычкоўскага «Пакораны прыгажосцю Палесся») і Расціслава Бензерука, які даследаваў творчасць жабінкаўскага паэта Уладзіміра Кітаеўскага («Аб чым пяюць сонечныя званы?»). Дыплом трэцяй ступені атрымала Вера Стасенка з г. Слаўгарад Магілёўскай вобласці за нататкі- разважанні па рамане Зінаіды Дудзюк «Слодыч і атрута» «Дакрануцца да чарапкоў жыцця...».
Падчас цырымоніі ўзнагароджання перад прысутнымі выступілі пісьменнікі Анатоль Бензярук, Анатоль Брытун, Зінаіда Дудзюк, якія распавялі пра свае літаратурна-краязнаўчыя даследаванні і адкрыцці. Яркія паэтычныя візітоўкі на тэму захавання гістарычнай памяці падрыхтавалі члены клуба «ПоэтиКо» на чале з кіраўніком Наталляй Кандрашук — Марына Міхалюк і Надзея Момлік. А юныя паэтэсы, студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя
А. С. Пушкіна Кацярына Мізерыя і Ірына Макарчук пакарылі слухачоў глыбока філасофскімі вершамі, у якіх столькі юнацкага святла і шчодрасці пачуццяў!
Сустрэча скончылася выстаўкай карцін гродзенскай мастачкі Ніны Чурабы «Причуда», а ўзвышана-рамантычны настрой стварыў для прысутных піяніст Марат Нікіцін.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ