Творчая гавань для юных талентаў
05.12.2025 12:54
Прапануем азнаёміцца з чарговым выданнем з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне» - інфармацыйна-бібліяграфічным паказальнікам «Творчая гавань для юных талентаў», прысвечаным 75-годдзю з часу заснавання дзяржаўнай установы адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» і падрыхтаваным аддзелам абслугоўвання і інфармацыі.
Неад'емнай часткай агульнаадукацыйнай сістэмы раёна з'яўляецца дадатковая адукацыя, да сферы якой адносіцца цэнтр дзіцячай творчасці. На працягу многіх гадоў Цэнтр застаецца яркім асяродкам культурнага і адукацыйнага жыцця горада, дзе пад адным дахам аб'яднаны дзясяткі гурткоў і секцый. Гэта ўнікальны Цэнтр, які адкрывае новыя гарызонты для творчай самарэалізацыі юных жыхароў Кобрыншчыны. Тут знайшлі сябе, рэалізавалі свае магчымасці і прафесійна вызначыліся сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, а да творчасці далучыліся тысячы.
Юбілейнае выданне «Творчая гавань для юных талентаў» дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй заснавання і сённяшнім днём раённага цэнтра дзіцячай творчасці, дасягненнямі, традыцыямі ўстановы, творчымі калектывамі.
Выданне мае наступную структуру:
Ад складальніка
I. Ад Дома піянераў да нашых дзён
Гісторыя станаўлення
II. Горад дзяцінства ў горадзе
Дзень сённяшні
III. Ад таленавітага педагога да таленавітага дзіцяці
Узорныя калектывы РЦДТ
▲танцавальны калектыў «Пралесачкі»
▲вакальная студыя «Крыніца»
▲ансамбль сучаснага танца «Модерн»
▲інструментальная група «Хороший день»
▲студыя выяўленчага мастацтва
Спіс крыніц
Інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне прадстаўляе больш за 150 бібліяграфічных крыніц. Уключае артыкулы з перыя-дычных выданняў, пачынаючы з 1971 года. Змяшчае фотаздымкі розных гадоў з фотаархіва і сайта дзяржаўнай установы адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці», а таксама з фотагалерэі Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Паказальнік адрасаваны ўсім, хто займаецца вывучэннем роднага краю, цікавіцца яго гісторыяй, адукацыяй, культурай.




